У свет выйшла кніга Алеся Бяляцкага “Алесь”. Яе прэзентацыя адбылася ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. Выданне складаецца з успамінаў праваабаронцы, публікацый у перыёдыцы, выступленняў на канферэнцыях, у судах, лістах, у шматлікіх інтэрв’ю. Таксама яно змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся.

Згадаваецца ў кнізе і праваабаронца Андрэй Палуда, які ўжо шмат год знаёмы з Алесем Бяляцкім. Сёння ён стаў Госцем Рацыі і распавёў нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай, які ён – Нобелеўскі лаўрэат, палітвязень Алесь Бяляцкі.

– Я ўжо даўні паплечнік Алеся па праваабарончым цэнтры “Вясна”. Гэта ўжо настолькі даўно, што сапраўды нейкія акалічнасці ўзгадаць дастаткова складана, але ёсць іншыя важныя рэчы, якія заўсёды ў памяці знаходзяцца. Алесь быў, ёсць і застаецца Настаўнікам з вялікай літары гэтага слова як у прафесійным, так і ў маральным сэнсе. Бо сапраўды чалавек, ад якога, нават проста знаходзячыся разам, размаўляючы з ім, слухаючы яго думкі, выказваючы сваё меркаванне, ты ўвесь час вучышся. І гэта ты працягваеш  рабіць нават калі знаходзішся з ім на адлегласці. Апошняе яго слова – прамова – згадваюцца рэчы, якія былі на працягу шмат гадоў сумеснай дзейнасці. Гэта тое, што ты, магчыма, чуў шмат гадоў таму і, можа быць, не звярнуў увагу, але пад пэўныя сітуацыі гэта ўсплывае, і ты бачыш, наколькі яго думкі былі глабальнымі. І вось гэтае ягонае шырокае бачанне гэтага сусвету, ягонае разуменне, куды і як нам рухацца, каб быць і прыйсці да Беларусі, дазваляе трымацца і нам гэтага фарватару, па якім мы б хацелі ісці, каб прыйсці ў тое месца, куды мы якраз і намагаемся прыйсці.

Алесь як праваабаронца не толькі чалавек, які прытрымліваецца ўніверсальнасці прынцыпаў правоў чалавека, што правы чалавека для ўсіх. Сапраўды, гэта так, але мне падаецца, што гэта яшчэ і мысленне Алеся праз прызму правоў чалавека, бо ён жа па адукацыі філолаг. Ён быў кіраўніком музея Максіма Багдановіча, ён ніколі не вучыўся на прафесіянальнага праваабаронцу. Але вось гэтае яго пачуццё чалавечай годнасці, разумення таго, наколькі важныя правы чалавека яно ўсё наклалася на канцэпт правоў чалавека – ягоны ўнутраны стан, ягонае бачанне гэтага сусвету.

Таму ён і стаў праваабаронцам. Гэта вельмі яскравы прыклад, які можа вельмі шмат каго натхняць. Што чалавек не вучыўся быць праваабаронцам, але ён ёсць і чалавек – маральны аўтарытэт. І мы спадзяемся, што і Алесь, і іншыя нашы калегі з праваабарончага цэнтра “Вясна” ды іншыя палітзняволеныя вельмі хутка будуць на волі.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя