Родныя журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына атрымалі ад яго ліст 20 сакавіка, у якім ён піша пра тое, што выйшаў на абавязковую працу ў калоніі з 9 сакавіка. Таксама Дзяніс паведаміў сваякам, што адчувае сябе не вельмі добра і нават патрапіў другі раз у медчастку, дзе ў яго выявілі падвышаную тэмпературу цела (вышэй за 37ºС).

Палітвязень скардзіўся на сухі кашаль, аднак карыстацца фанэндаскопам медык не стаў, а задаволіўся пастаноўкай дыягназу «на вока»: бранхіту нібы няма, вызваленне ад працы на дзень звароту.

Івашыну прапісалі і выдалі лекі для лекавання (парацэтамол, амоксіцылін і амбраксол) і выправілі назад у атрад. Стан здароўя палітвязня на дадзены момант нібыта нармальны, але сцвярджаць гэта родныя не могуць.

Раней сваякі журналіста таксама паведамлялі, што Дзяніса абмежавалі ў выдатках на набыццё тавараў ва ўнутранай краме калоніі 2 базавымі велічынямі (74 беларускіх рублі) на месяц, хоць звычайна ўзмоцнены рэжым дазваляе пакупкі на суму да 5 базавых велічынь (185 беларускіх рублёў) на той жа тэрмін.

Івашын дагэтуль ні разу не патэлефанаваў родным з калоніі, хоць сваякі ўжо двойчы дасылалі копіі дакументаў пра сваяцтва на імя палітвязня.