
Як стала ведама, у Гародні пройдзе частка Другіх гульняў краін СНД. Гэтыя спаборніцтвы пройдуць на фоне спартовай дыскваліфікацыі Расеі і Беларусі, як дзяржаў, што развязалі вайну супраць Украіны.
Як паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму Максім Малахоўскі, у Гародні адбудуцца спаборніцтвы па двух відах спорту – цяжкай атлетыцы і хакеі на траве ў фармаце 5 на 5.
Другія гульні краін СНД пройдуць у Беларусі ў розных гарадах з 4 па 14 жніўня.
Гэты больш ідэалагічны, чым спартовы форум, збярэ паводле прагнозаў больш 3 тысяч удзельнікаў. Прыедуць ня толькі спартоўцы з дзяржаў СНД, але і з Манголіі, Кітая, Кубы, Ірана, Амана, Савудаўскай Арабіі, магчыма іншых краін трэцяга свету. Усяго плануюцца спаборніцтвы па 21 відзе спорту.
Як паведаміў чыноўнік Малахоўскі, у Гародні будуць задзейнічаны два аб’екты. Спаборы па цяжкай атлетыцы пройдуць у Лёдавым палацы, а для хакею на траве будзе задзейнічана база Гарадзенскага абласнога комплекснага цэнтру алімпійскага рэзерву, дзе трэніруецца і праводзіць гульні хакейны жаночы клуб “Рытм”.