Папраўчая” калонія № 17 у Шклове лічыцца адным з самых жорсткіх месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі. Цяпер там утрымліваецца мінімум 78 палітзняволеных. Гэта калонія вядомая тым, што ў 2021 годзе там памёр 50-гадовы палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці дагэтуль не пачатая. Адзін з былых вязняў на ўмовах ананімнасці (яго імя ёсць у распараджэнні праваабаронцаў) распавёў “Вясне” пра катаванні і здзекі над зняволенымі па палітычных матывах, абставіны смерці Вітольда Ашурка і ціск на Паўла Севярынца.

“У начальніка калоніі будзе адзнака, што зняволены скардзіўся ці нечым незадаволены”

Па словах былога зняволенага, у шклоўскай калоніі існуе “рытуал”: усіх асуджаных, якія прыехалі, адразу дасылаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) і робяць “злоснымі парушальнікамі рэжыму”.

“Калі прыязджаюць новыя асуджаныя, то ва ўсіх ёсць адзнакі, як яны сябе вялі ў СІЗА, на этапе, у цягніку і ў аўтазаке. Адразу пасля прыезду ў калонію, на ўсіх “экстрэмістаў” складаюць рапарты за дробязі, якіх напачатку цяжка прытрымлівацца: гузік не зашпілены, няправільна прадставіўся супрацоўніку, размаўляў у страі, не своечасова ўстаў з ложка і шматлікае іншае. Палітзняволеных адразу пазбаўляюць усіх спатканняў і пасылак. Дасылаюць у ШІЗА на трое-пяць сутак і робяць “злоснымі парушальнікамі рэжыму”. На ежу з крамы тады застаецца толькі дзве базавыя.

У калоніі парушаюцца ўсе правы чалавека. Напрыклад, пазбаўляюць сну, праз што з’яўляюцца галюцынацыі. У мяне ў самога так кружылася галава, я бачыў галюцынацыі сваіх дзяцей і галасы маці. Некаторыя страчвалі прытомнасць. Зняволеных трымаюць у холадзе, праз што ў іх праблемы з кровазваротам і ныркамі. У ШІЗА сядзіш у цішыні — нельга размаўляць, ляжаць, спаць, заплюшчваць вочы. Лекары і псіхолагі не прыходзяць”.

Па словах былога зняволенага, штрафны ізалятар заўсёды напоўнены асуджанымі:

“Такога не бывае, каб ён быў пустым. Зняволеных, якія неяк абараняюць свае правы, доўга трымаюць у ШІЗА — напрыклад, тры разы запар па 10 сутак — потым на месяц дасылаюць у ПКТ, а затым — на “крытую” турму. Шматлікія адразу з каранціну туды з’язджаюць.

Калі супрацоўнікі ўбачаць ці пачуюць, што зняволены ў лістах ці па тэлефоне паскардзіўся ці выказаў незадаволенасць, то чакай гасцей. Супрацоўнікі знойдуць любую прычыну, каб напісаць рапарт і адправіць у ШІЗА. У начальніка калоніі будзе паметка, што зняволены скардзіўся ці нечым быў незадаволены, а гэта адразу 10 сутак і пагрозы дадатковым тэрмінам па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы)”.

“Супрацоўнікі ўвесь час адпускаюць жартачкі, што палітзняволеныя — “заходнія шлюхі, геі, прастытуткі”

Па словах былога зняволенага, адносіны супрацоўнікаў у калоніі № 17 да палітзняволеных прадузятыя і яны выкарыстоўваюць усе спосабы ціску на іх:

“Часта гэта ініцыятыва ад саміх супрацоўнікаў. Пры гэтым, у пакоі дзяжурнага памочніка вісіць спіс прозвішчаў, хто павінен быць “на адстрэле”, то бок на каго абавязкова павінен быць састаўлены рапарт за любое парушэнне. Палітзняволеных не лечаць у медчастцы, не пускаюць займацца спортам, пазбаўляюць пасылак, спатканняў, грашовых сродкаў, робячы ўсіх “злоснымі парушальнікамі”. Іх садзяць у ШІЗА, прымушаюць пець гімн, вучыць правілы ўнутранага распарадку, аўтараў гімна, канстытуцыю і змены, прынятыя на незаконным рэферэндуме. Пытаюць, хто прэзідэнт Беларусі. Адказ мусіць быць: “Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч”. Уборка праходзіць па шэсць разоў у дзень пад наглядам супрацоўніка з відэарэгістратарам.

Супрацоўнікі ўвесь час адпускаюць жартачкі, што палітзняволеныя — “заходнія шлюхі, геі, прастытуткі”. Іх вядуць, каб намазаць зялёнкай лоб і паставіць да сценкі. І шматлікае іншае… Мне цяжка ўсё ўспамінаць.

Супрацоўнікі лянівыя і робяць “адстрэлы” (караюць) толькі па загадзе зверху. У іх куча працы, яны не паспяваюць яе выконваць, касячаць і не ведаюць законаў і правілаў. І, самае галоўнае і гідкае, што яны не вераць у папраўчую сістэму”.

У вытворчай зоне шклоўскай калоніі функцыянуе абутковая, швейная вытворчасць і дрэваапрацоўка. Як распавядае былі зняволены, асуджаных па палітычных артыкулах прымушаюць працаваць на самай бруднай і цяжкай працы, дзе ад дыму цяжка дыхаць і пастаянна холадна.

“У мяне былі галюцынацыі ў ШІЗА і думкі пра самагубства”

Былы зняволены кажа, што сам ён не падпадаў пад катаванні, але ён чуў крыкі з кабінетаў іншых зняволеных, якіх збівалі. Па словах іншых палітвязняў, могуць біць за татуіроўкі, нататкі ў сшытках і лістах, выказванне іх меркавання, непрызнання віны, адмовы выконваць загад і па іншых прычынах. Але, як кажа былы зняволены, супрацоўнікі калоніі практыкуюць розныя формы здзекаў над асуджанымі.

“Ставяць на расцяжку: зорачкай рукі і ногі ў бакі, кайданкамі прыкоўваюць да ложкаў альбо клетцы і б’юць па тулаву (нырках, печані, селязёнцы) або па сцёгнам. Кагосьці душылі прама ў ШІЗА, не баючыся відэакамер. Казалі, што першых, хто прыехаў, жорстка білі: падвешвалі на нейкі ланцуг у кайданках.

Яны здзекуюцца псіхалагічна. Тое, што асабіста для мяне горш. Мораць голадам і холадам. Самае жорсткае — гэта калі пазбаўляюць сну. У мяне былі галюцынацыі ў ШІЗА і думкі пра самагубства.

Вязні павінны стрыгчыся налыса і стаяць па дзве гадзіны на вуліцы на холадзе па стойцы рахмана без пальчатак. Альбо пад дажджом, а потым у мокрай сырой вопратцы хадзіць і смярдзець. Прымушаюць глядзець праўладныя фільмы і ролікі пра сілу міліцыі і міласэрнасць прэзідэнта да нас. Казалі, што маглі расстраляць нас, але далі шанец. Вось такі здзеклівы рытуал”.

“Заганяюць зняволеных у «нізкі статус»”

Па словах былога зняволенага, адным з распаўсюджаных спосабаў ціску на палітзняволеных з’яўляецца перавод іх у разрад “людзей з нізкім сацыяльным статусам”.

“Акрамя гэтага, супрацоўнікі заганяюць зняволеных у “нізкі статус”. Яны загадваюць выносіць смецце за 100 чалавек у атрадзе альбо мыць падлогу ў туалеце — і ўсё. Калі адмаўляешся, то адпраўляюць у ШІЗА, а там — аж да крымінальнай справы па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса”.

Пра такі спосаб ціску раней распавядалі і іншыя былыя зняволеныя з калоніі № 17.

“Казалі, што Вітольда выводзілі ў прагулачны дворык і білі па нагах і тулаве”

21 траўня 2021 году стала вядома, што ў калоніі № 17 у Шклове памёр 50-гадовы палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына — сардэчны прыступ, аднак калі сваякі атрымалі цела на пахаванне, то выявілі, што яно знявечана: распухлі рукі, а галава была перавязана так, каб толькі яго рот быў бачны. Палітзняволены прабыў у калоніі толькі каля месяца.

“Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжання. Ён шмат паліў і не мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні. Ён заўсёды смела размаўляў са зняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі. Але яго прэсавалі ў поўным аб’ёме: ірвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам, кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Перад апошнімі пасадкамі ў ШІЗА ён казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка паразмаўляў з начальнікам калоніі і настойваў на сваім. Ён распавядаў іншым зняволеным на курылцы, што звычайныя палітвязні малайцы, што не прайшлі міма, але яны выканалі сваю ролю ў гэтай вайне і ім трэба вяртацца дадому да дзяцей і сем’яў, а яго місія — у большым. Яго мэта — нешта дасягнуць і даказаць. Больш яго не бачылі…

Адразу Вітольду “выпісалі” 10 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым пашлі размовы, што супрацоўнікі сказалі яго рэчы і матрац пакласці ў хадок да “апушчаных” [зняволеных з “нізкім сацыяльным статусам”] (месца ў куце асобна ад астатніх), каб ён мыў туалеты і выносіў смецце. Вітольд з гонарам адмовіўся ад выхаду з ШІЗА, бо так ён заставаўся ў нармальным статусе. А потым было 21 траўня… [у гэты дзень стала вядома пра смерць Вітольда Ашурка].

У той дзень прыехала хуткая дапамога, і праз дзве гадзіны чорная газель са шторамі. Сказалі, што ён упаў галавой на стол. Вязні казалі, што Вітольда выводзілі ў дворык для шпацыру і білі па нагах і тулаве, каб ён не мог сядзець і хадзіць у туалет.

На тым відэа, якое ўсім паказвалі, бачна, што ён страчваў прытомнасць. Гэта магло быць ад бессані і знясілення. Нягледзячы на ​​канец траўня, у калоніі было халодна, і яны спецыяльна адкрывалі вокны. Быў скразняк, вельмі дзьмула, немагчыма было сядзець, трэба было пастаянна хадзіць, каб пагрэцца”.

“На царкоўныя службы пачалі прыходзіць міліцыянты і сачыць”

Па словах былога зняволенага, у шклоўскай калоніі забаронены зносіны паміж асуджанымі па палітычных артыкулах. Кожныя паўгады зняволеных мяняюць па розных атрадах, каб яны не сябравалі і не размаўлялі. Супрацоўнікі нават складаюць графік наведвання санчастцы і царквы так, каб зняволеныя з розных атрадаў не размаўлялі паміж сабой. Праблем з наведваннем царквы там няма, одзначае былі зняволены, але цяпер некаторыя службы праходзяць пад кантролем супрацоўнікаў:

“Вязні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павел Севярынец у царкве збірае гурткі палітзняволеных на беларускай мове. Пасля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і сачыць. Ідзе служба, а ў іх рацыя гарлапаніць і яны жуюць семечкі.

Севярынца не чапалі да лета 2022 года. Потым чулі, што і ў атрадзе, і ў ШІЗА яму забаранілі ўсім мець зносіны з ім. Але Павел заўсёды гаварыў па-беларуску”.

Сапраўды, у чэрвені 2022 года праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага Паўла Севярынца пазбавілі працяглага спаткання.

“Прымушаў ірваць [лісты], не чытаючы, і выкідаць у смецце”

Па словах былога вязня, лісты ім перасталі даваць у канцы студзеня 2022 года. Такая практыка была ва ўсіх папраўчых установах Беларусі.

“На кожныя 15-20 палітычных замацаваны супрацоўнік, які правярае лісты і хто яму піша. Прыйшоў загад зверху, што перапіска дазволена толькі з блізкімі сваякамі. Супрацоўнікі спецыяльна выклікалі да сябе, калі ў асуджаных быў вольны час. Яны чакалі ў калідоры па дзве-тры гадзіны. Кожны заходзіў на 5-10 хвілін, супрацоўнік пры ім чытаў, ад каго ліст, а потым прымушаў рваць, не чытаючы, і выкідаць у смецце. Калі зняволены адмаўляўся, то на яго складваўся рапарт за тое, што ён нібыта лаяўся нецэнзурнымі словамі ці жаргонам”.

Хто датычны да рэпрэсій у калоніі № 17?

Былы зняволены назваў праваабаронцам імёны супрацоўнікаў, якія датычны да рэпрэсій палітзняволеных:

“Гэта старшы рэжымны аператыўны працаўнік маёр Сяргей Карчэўскі. Гэта інспектар-рэжымнік капітан Іван Галанаў, старшы інспектар-рэжымнік капітан Віталь Краўчанка, дзяжурны памочнік начальніка калоніі капітан Павал Прохараў, дзяжурны памочнік маёр Дзмітрый Удодаў, маёр Канстанцін Самойлаў, капітан Фяськоў, маёр Сямёнаў, прапаршчык Радычкін“.