
У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю – царкоўна-эрпэцэшныя ўлады ці прадстаўнікі дзяржаўнай „вертыкалі” – пакуль невядома. Пра дэмантаж помніка паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш.
Яшчэ ўчора была інфармацыя, шо помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак нехта аддаў загад і помнік па-бандыцку фактычна скралі.
Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве быў усталяваны з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Ён фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Ліквідацыя помніка падкрэслівае, што ў краіне зноў запанавала антыбеларуская і антыхрысціянская ўлада.
Помнік Ларысе Геніюш патрабавала ліквідаваць прарасейская актывістка і „инфоказачка” Вольга Бондарава, якая, праўдападобна, мае вырашальны ўплыў на Гарадзенскую абласную ўладу. Хоць спярша Зэльвенскі райвыканкам адмовіў расейскай шавіністцы, помнік усё ж дэмантавалі.