
Беларускі педагог, дырэктар Наваградскай гімназіі на пачатку 1920-ых гадоў Ян Цеханоўскі нарадзіўся 30 сакавіка 1888 году ў вёсцы Якімаўка Рэчыцкага павету на Гомельшчыне.
Перад Першай сусветнай вайной ён скончыў Менскую праваслаўную духоўную семінарыю і Пецярбургскі політэхнічны інстытут. У 1918 годзе быў дырэктарам рэальнай школы ў Ракаве, займаўся нацыянальнай патрыятычнай дзейнасцю. Быў арыштаваны палякамі, сядзеў за кратамі. Пасля турмы Ян Цеханоўскі пераехаў у Наваградак, а 1 верасня 1921 года быў прызначаны дырэктарам Наваградскай беларускай гімназіі. Там ён не толькі кіраваў гімназіяй, а таксама таксама выкладаў беларускую мову і літаратуру, латынь, гісторыю Беларусі і прыродазнаўства. Але польскія ўлады яго па-ранейшаму пераследавалі. І Ян Цеханоўскі вырашыў часова выехаць у Францыю. Там беларускі педагог пражыў некалькі гадоў і ў 1927 годзе зноў вярнуўся на Наваградчыну і працягваў справы ў сферы беларускага школьніцтва.

Настаўнікі Наваградскай беларускай гімназіі. Ян Цеханоўскі сядзіць другі злева., 1923 г.
Восенню 1929 года Наваградчыну наведаў прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі. Адным з першых месцаў, куды Масціцкі адправіўся, была будаўнічая пляцоўка беларускай навучальнай установы. Прэзідэнт Масціцкі з кельмай у руках клаў цэглу на сцяну беларускай навучальнай установы, а таксама ахвяраваў на гэта 2 тысячы злотых. На мерапрыемстве тады прысутнічаў і Ян Цеханоўскі, які перад прэзідэнтам і гасцямі нават выступіў з прадмовай.
Пасля 14-гадовай напружанай працы ў арганізаванай ім беларускай школе, Ян Цеханоўскі быў пераведзены польскімі ўладамі ў Ашмяны. Аднойчы група хуліганаў напала на беларускага настаўніка і моцна яго пабіла. А ў кастрычніку 1938 года Ян Цеханоўскі памёр ад інфаркту. Яго пахавалі ў Вільні на Ліпаўскіх могілках разам з памерлай пазней жонкай — былой настаўніцай гімназіі Ксеніяй Баландовіч.
Памяць пра Яна Цеханоўскага на Наваградчыне сёння не ўшанавана, хоць ён заслугоўвае і помніка, і мемарыяльнай шыльды, і вуліцы з яго імем.