Вашай увазе краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на красавік 2023 году.

1 красавіка

Дзень смеху

Сусветны дзень грамадзянскай абароны.

475 гадоў таму (1548) – Памёр Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў 1506-48 гадах.

250 гадоў таму (1773) – У Юршышчах (Лідзкі пав.) нарадзіўся Юстын Нарбут, гісторык, удзельнік паўстаньня 1794 г., стрыечны брат Тодара Нарбута.

90 гадоў таму (1933) – У в. Сёгда (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Віктар Сташчанюк, беларускі мастак, паэт, сябра творчай суполкі “Пагоня”.

2 красавіка

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

170 гадоў таму (1853) – У ноч на 2 красавіка моцная паводка ў Гародні падмыла Каложскую царкву. У выніку абвалілася паўднёвая сьцяна і палова заходняй.

100 гадоў таму (1923) – У Гародні ў памяшканьні староства адчынены “музей мастацтва і культуры”.

90 гадоў таму (1933) – У в. Зьмяёўцы (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Віктар Шымук, беларускі пісьменьнік, перакладнік.

3 красавіка

50 гадоў таму (1973) – Памёр Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу. Нарадзіўся, жыў і працаваў у Гародні.

4 красавіка

340 гадоў таму (1683) – Памёр Багуслаў Казімір Маскевіч, вайсковы і грамадзкі дзеяч ВКЛ, пісьменьнік-мемуарыст. Пахаваны ў дамініканскім касьцёле ў Наваградку.

160 гадоў таму (1863) – У баі загінуў Юльян Бакшанскі, удзельнік вызвольнага руху, камандзір паўстанцкага атраду, публіцыст. Нараджэнец маёнтку Тупальшчына (Смургонскі р-н). Пахаваны ў в. Плябань (Маладэчанскі р-н).

100 гадоў таму (1923) – У Наваградку нарадзіўся Кастусь Сіткоўскі, беларускі настаўнік, эмігрант (Аўстралія).

5 красавіка

100 гадоў таму (1923) – У в. Старыя Дзевяткавічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Барыс Данілюк, дзеяч СБМ, беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

80 гадоў таму (1943) – У в. Каракулічы, Мядзельскі р-н) нарадзіўся Мар’ян Дукса, беларускі празаік і паэт. З 1969 г. жыў і працаваў у Солах, пазьней – Смаргонях.

6 красавіка

95 гадоў таму (1928) – У в. Алешавічы (Мастоўскі р-н) нарадзіўся Хведар Нюнька (фактычна 5.3.1928), беларускі грамадзка-культурны дзеяч, з 1989 г. старшыня Таварыства Беларускай Культуры Летувы, сябра прэзідыуму Рады БНР.

75 гадоў таму (1948) – У Браўншвайгу (Нямеччына) памёр Мікола Шыла (нар. у 1888 г. у Смургонях, паводле іншых зьвестак у в. Бакшты, Івейскі р-н), грамадзкі дзеяч, нашанівец, журналіст, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына).

7 красавіка

Сусьветны дзень здароўя.

40 гадоў таму (1983) – Памерла Ларыса Геніюш, беларуская паэтка, вязень ГУЛАГу. Пахавана ў Зэльве.

9 красавіка

165 гадоў таму (1858) – У Пінскім пав. нарадзіўся Фадзей Дмахоўскі (памёр у 1930 г. у Вільні, пахаваны на могілках Росы), жывапісец, графік. Пакінуў малюнкі Лідскага замку.

11 красавіка

Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлагераў.

215 гадоў таму (1808) – У в. Ляхі (Пружанскі р-н) нарадзіўся Леан Зянковіч, паэт, публіцыст, мемуарыст, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. Вучыўся ў Сьвіслачы.

160 гадоў таму (1863) – Каля вёскі Новы Двор (Шчучынскі р-н) адбылася бітва паміж паўстанцкім атрадам Людвіка Нарбута і расейскім войскам.

15 красавіка

95 гадоў таму (1928) – У в. Рацюны (Браслаўскі р-н) нарадзіўся Павал Жук, вязень ГУЛАГу, удзельнік Нарыльскага паўстаньня, ствараньнік Гарадзенскай абласной Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

16 красавіка

135 гадоў таму (1888) – У Кракаве пасьля няшчаснага выпадку і моцных апёкаў памёр Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізік, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. Нараджэнец Гародні.

17 красавіка

160 гадоў таму (1863) – У Коўне ў шпіталі ад ран памёр Лявон Кульчыцкі (нар. каля 1823 г.), адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 г. на Гарадзеншчыне.

50 гадоў таму (1973) – Памёр Пётр Юргялевіч, беларускі мовазнавец, педагог, вязень савецкіх канцлягероў. Нараджэнец мяст. Трабы (Івейскі р-н).

18 красавіка

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін.

185 гадоў таму (1838) – У маёнтку Адамарын (Маладэчанскі р-н) нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг, заоляг, батанік, палеантоляг, мінеролаг, фальклярыст. З 1878 г. – да пач. 1900-ых жыў у Нянькаве (Наваградзкі р-н).

25 гадоў таму (1998) – Гарадзенскі хакейны “Нёман” за тур да завяршэньня 6-га першынства краіны ўпершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам (галоўны трэнер Анатоль Варывончык).

20 красавіка

265 гадоў таму (1758) – Нарадзіўся (у Слонімскім пав.) Язафат Булгак, уніяцкі мітрапаліт, базыльянін. Вучыўся і выкладаў у Жыровічах.

130 гадоў таму (1893) – У в. Дордзішкі (Смургонскі р-н) нарадзіўся Леанард Чарняк, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар. Вучыўся ў Ашмяне, працаваў у Эйшышках, з 1920 г. у Смургонях, у 1933-36 гг. у Трабах.

21 красавіка

190 гадоў таму (1833) – У в. Мастаўляны (Беласточчына) нарадзіўся Віктар Каліноўскі, гісторык, археограф, адзін зь ідэолагаў паўстаньня 1863 году. Жыў і памёр у фальварку Якушоўка (Сьвіслацкі р-н).

22 красавіка

160 гадоў таму (1863) – Каля мяст. Азёры (Гарадзенскі р-н) прайшоў бой паміж паўстанцкім атрадам Аляксандра Лянкевіча і расейскім войскам.

24 красавіка

85 гадоў таму (1938) – У в. Юшавічы (Нясьвіжскі р-н) нарадзіўся Алесь Стадуб, беларускі паэт, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. З 1972 г. жыў і працаваў у Лідзе.

70 гадоў таму (1953) – У Монтэвідэо (Уругвай) памёр Іван Саланевіч, спартовец, публіцыст, выдавец. Заснаваньнік у Гародні спартовага таварыства “Сокал”.

25 красавіка

455 гадоў таму (1568) – У Гародні пачаўся сойм ВКЛ, доўжыўся да 12 ліпеня.

20 гадоў таму (2003) – Па дарозе ў Беларусь на памежным пераходзе Кузьніца памёр Янка Жамойцін, беларускі грамадзкі дзеяч, публіцыст, дзеяч беларускай эміграцыі (Польшча). Пахаваны ў Варшаве. Нараджэнец в. Клімавічы (Лідзкі р-н).

26 красавіка

Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986 год).

140 гадоў таму (1883) – У варшаўскім шпіталі памёр Напалеон Орда, піяніст, кампазітар, мастак, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. У 1823 г. скончыў Сьвіслацкую гімназію. Пахаваны ў родавым склепе ў Янаве.

55 гадоў таму (1968) – Ларыса Геніюш выступіла ў Гарадзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы.

27 красавіка

410 гадоў таму (1613) – У Жыровічах заснаваны уніяцкі кляштар.

29 красавіка

130 гадоў таму (1893) – У Дамброве Беластоцкай (Сакольшчына) нарадзіўся Зыгмунт Штафінскі, каталіцкі сьвятар, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху 20 ст. З 1922 г. служыў у Ашмянскім дэканаце, у 1930-31 гг. – вікарыем у Дзятлаве.

30 красавіка

Сусьветны дзень пародненых гарадоў.