МЗС Летувы патрабуе спыніць Беларускую АЭС да развязання ўсіх праблем, звязаных з ядзернай бяспекай, якія выявілі міжнародныя місіі. Пра гэта гаворыцца ў дыпламатычнай ноце, накіраванай на адрас МЗС Беларусі, перадае delfi.lt.

Нота МЗС Летувы стала адказам на інфармацыю пра тое, што Беларусь рыхтуецца да пуску другога энергаблока АЭС.

“Падрыхтоўка Беларусі да пуску другога няспраўнага энергаблока АЭС, утойванне ад грамадскасці інцыдэнтаў і няспраўнасцяў, а таксама пагрозы прэзідэнта Расіі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі сведчаць пра безадказныя паводзіны дыктатарскіх рэжымаў у сферы атамнай энергетыкі, што ўяўляе ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну”, — заяўляе кіраўнік летувіскага ведамства Габрыэлюс Ландсбергіс.

У Летуве адзначаюць, што праект БелАЭС мае шмат нявырашаных пытанняў бяспекі. Ярод іх называюцца ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і насельніцтва Летувы, гарантыі культуры бяспекі і рэалізацыя міжнародных рэкамендацый.

У дакладзе, які падрыхтавалі ў сакавіку спецслужбы Летувы, гаварылася, што Беларусь у 2022 годзе схавала шэраг інцыдэнтаў, якія адбыліся на першым і другім энергаблоках Беларускай АЭС. У выніку іх ядзерны рэактар першага блока быў прыпынены на тэрмін больш як на паўгода, а тэрміны пуску другога блока працягваюць адкладацца.

Як паведамлялася раней, пуск другога блока БелАЭС перанесены на сёлетні красавік, а ў эксплуатацыю яго мяркуюць увесці ў кастрычніку.