У Астраўцы яшчэ 31 сакавіка паспяшаліся адзначыць так званы “дзень яднання”, які па календары 2 красавіка. Пра гэта паведамляе галоўны раённы прапагандысцкі орган – “Астравецкая праўда”.

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да “Дня яднання народаў Беларусі і Расеі”, прайшло ў Астраўцы ў шматфункцыянальным комплексе”.

Ідэолагі раёну цешацца, што “Сувязь паміж беларусамі і расіянамі ўзмацнілася, дзякуючы будаўніцтву ў нашым раёне атамнай электрастанцыі. Цягам апошніх гадоў і мясцовыя жыхары, і новыя астраўчане двух нацыянальнасцей адзначаюць святы разам, у тым ліку Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Са святам прысутных у зале павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла“.

Карніла прачытаў наступнае:

– У гісторыі нашых краін ёсць шмат важных дат, але гэтая мае асаблівае значэнне. Яна сімвалізуе наша моцнае сяброўства, духоўную еднасць і непарыўную блізасцісувязь. Падпісаная 2 красавіка 1996 года дамова аб Супольнасці Беларусі і Расіі пацвердзіла, што імкненне двух народаў быць разам – трывалае, моцнае і непадуладнае ніякім разбуральным працэсам. У нас агульнае разуменне дабрыні, суверэнітэту, мы цэнім шматгадовыя традыцыі брацтва. Гэтыя каштоўнасці трэба шанаваць і перадаваць дзецям і ўнукам. У няпростых умовах апошніх гадоў мы яшчэ раз упэўніліся, наколькі неабходна ўзаемная падтрымка. Лёс двух брацкіх народаў немагчыма раздзяліць.”

Іван Карніла ўручыў Прывітальны адрас ад імя старшыняў Астравецкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў начальніку арганізацыйна-распарадчага аддзела прадстаўніцтва АТ “АтамБудЭкспарт” у Рэспубліцы Беларусь Аляксандру Франтову.

Магчыма маскоўскі госць некуды спяшаўся, таму і правялі ўрачыстае паседжанне ў Астраўцы заўчасна ў працоўны дзень.