Кіраўніца летувіскага МУС Агне Білатайце накіравала еўракамісару па ўнутраных справах Ільве Ёхансан ліст, у якім папрасіла выдзеліць Летуве дадатковае фінансаванне для ўзмацнення аховы межаў. Летувіская дзяржава хоча атрымаць грошы на ўстаноўку патрульнай сцежкі на мяжы з Беларуссю.

Агне Білатайце адзначыла, што дзякуючы супольным з Еўразвязам намаганням, Летува мае адну з найбольш інтэграваных сучасных сістэм кіравання знешняй мяжой у ЕЗ. Але інфраструктуру можна пашыраць, каб мяжа была максімальна гатовая да рознага роду пагроз.

Пакуль у планах у Летувы рамонт наяўных і будаўніцтва новых участкаў патрульнай сцежкі ўздоўж мяжы з РБ. Для гэтага трэба каля 60 мільёнаў еўра. З дапамогай сцежкі памежнікі змогуць больш аператыўна рэагаваць на прарывы фізічных бар’ераў.

Білатайце ўпэўненая, што рэалізацыя праекта дапаможа як у змаганні з нелегаламі, так і ў змаганні з кантрабандай.
nn.by