
14 сакавіка 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Гародні абвешчаны прысуд Аляксандру Дзюбу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу і засудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Да прысуду мужчына ўтрымліваўся пад вартай. Таксама мужчына мусіць выплаціць штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).
Прысуд агучыла суддзя Наталля Горбач. Канчатковае пакаранне вынесенае шляхам паглынання менш строгага тэрміну больш строгім і далучэннем дадатковага пакарання. Паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу, Дзюбу засудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 369 КК — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ і штрафу.
Акрамя гэтага, абвінавачаны мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай школы пацярпелым — шэсць тысяч рублёў (па тысячы рублёў кожнаму) і 666 рублёў дзяржпошліны.
Згодна з абвінавачаннем, Дзюба пакінуў публікацыі, якія зневажалі гонар і годнасць Лукашэнкі і ўтрымлівалі “ненарматыўную форму моўнага выказвання” ў адносінах да яго. Таксама ён размясціў у сацсетках публікацыі з фотаздымкамі міліцыянтаў, суправадзіў іх тэкстам з негатыўнай ацэнкай. Сярод іх былі выявы супрацоўнікаў ізалятараў часовага ўтрымання са свастыкай, Лукашэнкі з імправізаванай шыбеніцай.
Мужчына распавёў, што зрабіў рэпост інфармацыі на Facebook. Усе “пацярпелыя” заявілі, што публікацыя прычыніла ім маральную шкоду.