
Юрый Васкрасенскі ў інтэрвʼю праграме «Панарама» расказаў, як па ініцыятыве польскіх дыпламатаў арганізаваў сустрэчу з палітвязнем, актывістам польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам. Гэта адбылося «прыкладна паўтара года таму». Імаверна, перамовы ішлі пра ўмовы вызвалення і прымусовага вывазу Пачобута ў Польшчу.
«Па просьбе польскага боку я звярнуўся да следчых органаў, і яны ласкава дазволілі сустрэцца з Пачобутам утрох: Пачобут, польскі пасол і я. Гэтая сустрэча адбылася ў Следчым камітэце прыкладна паўтара года таму з мэтай нармалізацыі адносін, спынення эскалацыі», — кажа Васкрасенскі.
Але, паводле яго, сустрэча не стала для Васкрасенскага прыемнай. Пачобут не быў спагадлівым з былым членам штаба Бабарыкі.
«Ён паспрабаваў накінуцца на мяне, і атрымаў адпаведны адпор», — згадвае Васкрасенскі, якому было, відаць, несалодка.
«Для мяне да гэтага часу загадка, чаму ён так паводзіў сябе. <…> Я падумаў: можа, ён і ў Польшчу не жадае вяртацца (гэта хлуслівае сцвяржэнне, Пачобут нарадзіўся ў Гародні і грамадзянін Беларусі)», — сказаў Васкрасенскі, які сам працуе на лукашэнкаўскія спецслужбы і ўхваляе дзеянні ўладаў.
У 2021 годзе Беларусь вызваліла трох актывістак польскай меншасці. Гэта Ганна Панішава, Марына Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая. Яны былі высланыя з Беларусі ў Польшчу.
У сакавіку 2022 года кіраўніцу незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты і перавялі пад хатні арышт.
9 лютага на 8 гадоў калоніі асудзілі журналіста Анджэя Пачобута.
Польшча не пакідае спробаў вызваліць яго. «Калі Анджэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.
nn.by