
У Гарадзенскай праваслаўнай епархіі блогу „Люди” распавялі, што помнік паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве быў дэмантаваны і „знаходзіцца ў надзейным месцы”. Там кажуць, што дачынення да дамантажу не маюць. У епархіі не ведаюць, калі помнік вернецца на месца і ці вернецца, бо „рашэнне гэтых пытанняў” ад іх „не залежыць”.
Помнік Геніюш быў усталяваны каля праваслаўнай царквы ў Зэльве ў 2003 годзе з дабраславення мітрапаліта Філарэта. Зараз кампанію супраць яго пачала гарадзенская „інфаспецназаўка” і прыхільніца „русского мира” Вольга Бондарава. Нягледзячы на тое, што мясцовыя ўлады нібыта адмовілі ў дэмантажы, ён усё ж „знік”. Пра гэта стала вядома 30 сакавіка. Газета „Народная Воля” пісала, што помнік можа знаходзіцца на захаванні ў царкве.
Ларыса Геніюш (1910 — 1983) жыла ў Зэльве пасля вызвалення з сталінскіх лагероў. Рэжым не здолеў яе зламаць. Геніюш была сакратаром Рады БНР, у 1948-м яе з мужам Янкам Геніюшам, чэшскіх грамадзян, вывезлі ў СССР, дзе асудзілі як беларускіх патрыётаў.
У час жыцця ў Зэльве Ларыса Геніюш была пад пільным наглядам КГБ і яго агентуры.