
Сейм Літвы / obzor.lt, ілюстрацыйнае фота
4 красавіка ў Сейме Летувы разглядзелі ў трэцім чытанні законапраект па абмежаваннях для грамадзян Беларусі і Расеі. З законапраекту прыбралі шэраг абмежаванняў для беларусаў, перадае “Белсат” са спасылкай на Летувіскую нацыянальную тэлевізію.
Дэпутаты выключылі з закона наступныя нормы:
— абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расеі на атрыманне грамадзянства Летувы;
— змены парадку выдачы відаў на жыхарства для грамадзян Беларусі;
— забарону на набыццё нерухомасці ў Летуве грамадзянамі Беларусі.
Засталіся ў законе наступныя абмежаванні:
— заканадаўча замацаваныя цяперашнія візавыя абмежаванні без увядзення новых;
— ад грамадзян Расеі спыняецца прыём заявак на часовы від жыхарства за мяжою праз вонкавых пастаўшчыкаў паслуг;
— ад грамадзян Беларусі спыняецца прыём заявак на атрыманне сродкаў электроннай ідэнтыфікацыі;
— для грамадзян Беларусі ўводзіцца забарона на ўвоз і вываз украінскіх грывень.
Як раней паведамляў дарадца прэзідэнта Летувы, Гітанас Наўседа хутчэй за ўсё накладзе вета на гэты закон, бо трактуе Беларусь і Расею як краіны, аднолькава вінаватыя ў нападзе на Украіну.