Фан-клуб аднаго з самых вядомых хакейных клубаў Беларусі разгромлены сілавікамі, людзі не выйшлі на волю пасля сутак, але ў клубе працягваюць рабіць выгляд, што нічога не адбываецца — і прайграюць.

У хакейным чэмпіянаце Беларусі да развязкі набліжаецца плэй-оф, але не ўсе, хто хацеў бы на гэта паглядзець, маюць такую магчымасць. Перад пачаткам матчаў на выбыванне сілавікі Лукашэнкі вырашылі «зачысціць» фан-сектар гарадзенскага «Нёмана» — былі затрыманыя каля двух дзясяткаў чалавек. Кагосьці «павязалі» проста на першым матчы клуба ў плэй-оф супраць «Хіміка». Іншыя фанаты, якіх цікавасць «сілавікоў» абышла бокам, своеасабліва адказвалі на пытанні пра лёс калег. А прэс-сакратар «Нёмана» Віталь Гарбацюк толькі заклікаў заўзятараў выканаць «задачу» замяніць тых, хто знік з трыбуны — масавасць у клубе відавочна важнейшая за асоб, якія яе ствараюць, піша «Тр*буна».

Нягледзячы на агульную дэградацыю спорту ў Беларусі, па-ранейшаму ёсць людзі, якія ходзяць на матчы і паядынкі, заўзеюць за тую ці іншую каманду. «Тр*буна» пагаварыла з некаторымі заўзятарамі.

Па заканчэнні сутак арышту фанаты не выйшлі на волю — нічога добрага для іх лёсу гэта не абяцае. Але гэта не перашкодзіла прыйсці на хакей іншым людзям. 27 сакавіка на першым матчы паўфінальнай серыі супраць «Юнацтва» «Нёман» упершыню ў сезоне сабраў аншлагавыя для свайго палаца 2920 гледачоў. І нават месцы, дзе звычайна былі людзі з атрыбутыкай, занялі таксама людзі з атрыбутыкай.

Арганізаванасці з боку сістэмы амаль не выяўлялася — так, пара сцягоў БРСМ, быў заўважаны таксама сцяг мясцовага дзяржпрадпрыемства па будаўніцтве. Але падтрымка відавочна была ўжо не тая, і хтосьці з гледачоў нясмела цікавіўся, дзе ж фан-сектар, а хтосьці наўпрост пісаў, што раней было лепш.

Той матч «Нёман» прайграў у овертайме (1:2). На наступны, 29 сакавіка, на трыбуны прыйшло не нашмат менш людзей — 2750. Людзей хапала і на звычайных сектарах, і там, дзе звычайна размяшчаюцца фанаты.

«Нёман» саступіў ужо ў асноўны час — 1:3. А на чарговае шкадаванне пра тое, што фан-сектар у звыклым за сезон выглядзе адсутнічае, адзін з заўзятараў не зразумеў, у чым праблема. Ну так — усяго толькі людзі немаведама за што сядзяць за кратамі.

Серыя перамясцілася ў Менск — там «Нёман» прайграў і трэці матч (2:5). Гарадзенцы, якіх, як піша сайт ФХБ, «наперабой называлі галоўным прэтэндэнтам на золата», 2 красавіка здолелі выйграць (3:2), але застаюцца на мяжы вылету. У сацсетках «Нёмана» хтосьці ўсё ж выказаў здагадку, што каманду магла дэматываваць сітуацыя з заўзятарамі — але гэты голас тут жа заглушыў хтосьці ініцыятыўны.

Федэрацыя хакея выпусціла цэлы тэкст з тлумачэннем, чаму «Нёман» так садзьмуўся — і страта фанатаў там ні намёкам не згаданая. А ў сацсетках пасля трэцяй паразы гарадзенцаў ФХБ выдала своеасаблівую рэакцыю — з подпісам «Усе фанаты “Нёмана” проста цяпер» было выкладзена відэа найгранага плачу Неймара пасля таго, як футбаліст ПСЖ онлайн прайграў мільён у казіно.

Заўзятары і прыхільнікі хакейнага клуба, мякка кажучы, былі ў шоку.

У рэальнасці, на жаль, рэжым хоча прымусіць фанатаў «Нёмана» сумаваць далёка не праз гульню каманды. Застаецца пажадаць ім сіл і паменш нападаў з новых бакоў у такой сітуацыі.

Масавыя затрыманні заўзятараў "Нёмана" праходзяць у Гродне

«Зверху была дадзена каманда разабрацца». У Гродне «зачышчаюць» фанацкі сектар «Нёмана»

Пасля загаду Лукашэнкі «зачысціць» краіну сілавікі робяць аблавы не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах і мястэчках. Дайшлі нават да лецішчаў! А ў Гродне ўжо тыдзень адбываюцца затрыманні заўзятараў хакейнага клуба «Нёман».

Нагадаем, 14 сакавіка стала вядома, што ўжо некалькі дзён у Гародні затрымліваюць фанатаў. Быў затрыманы і лідар руху фанатаў Сяргей Емяльянаў. Паводле слоў сведак сітуацыі, кагосьці адпусцілі, кагосьці не, але практычна ўсім далі па 10 сутак. Усяго затрымалі каля 20 чалавек.

Пасля падрыву расейскага самалёта А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах па загадзе Лукашэнкі па ўсёй краіне ідзе «зачыстка». Масавыя затрыманні ў Гародні пачаліся 9 сакавіка. «Затрымалі вельмі многіх, кагосьці адпускалі, а хтосьці дагэтуль не выпушчаны. Ва ўсіх правяралі тэлефоны і нешта шукалі. Сярод вялікай групы затрыманых ёсць хакейныя фанаты «Нёмана», — пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік фанацкага руху.

Новы час