“Народная воля” апублікавала фота дэмантажу помніка паэтцы Ларысе Геніюш каля праваслаўнай царквы ў Зэльве. На ім відаць, што бюст з пастамента здымалі людзі ў камунгасаўскай уніформе. “А камунальная гаспадарка ў Зэльве (як і паўсюль) падпарадкоўваецца выканкаму, — піша выданне. — Значыць, мясцовая выканаўчая ўлада ўсё ж мела дачыненне да ганебнай акцыі”.

Пра тое, што помнік Геніюш прыбралі, стала вядома 30 сакавіка. Ён быў усталяваны каля царквы з дабраславення мітрапаліта Філарэта і знаходзіўся там два дзесяцігоддзі. Кампанію супраць помніка пачала гарадзенская “інфаспецназаўка” і прыхільніца “русского мира” Вольга Бондарава. Улады Зэльвы нібыта ёй адмовілі ў дэмантажы помніка, але пры гэтым яго ўсё ж дэмантавалі.

У Гарадзенскай праваслаўнай епархіі днямі распавялі, што помнік паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве быў дэмантаваны і “знаходзіцца ў надзейным месцы”. 

Ларыса Геніюш (1910 — 1983) жыла ў Зэльве пасля вызвалення з сталінскіх лагероў. Рэжым не здолеў яе зламаць. Геніюш была сакратаром Рады БНР, у 1948-м яе з мужам, чэшскіх грамадзян, вывезлі ў СССР, дзе асудзілі як беларускіх патрыётаў.