Толькі зараз стала вядома, што 43-гадоваму Валерыю Троцкаму з Ліды ў Гарадзенскім абласным судзе прысудзілі ажно 12 гадоў пазбаўлення волі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, а вёў карны працэс Мікалай Рачынскі. Прысуд быў абвешчаны 21 снежня.

Спачатку палітвязня Троцкага вінавацілі паводле артыкулу 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Але потым артыкул перакваліфікавалі і судзілі за “здраду дзяржаве” (арт. 356 КК, частка 1).

Раней Валерый Троцкі працаваў у лідскай ахове, але потым звольніўся. Апошнім часам ён працаваў дальнабойнікам. Яго затрымалі 18 траўня і змясцілі ў гарадзенскую турму № 1.