
Адна з засуджаных да адміністрацыйнага арышту ў сацсетках расказала пра цяперашнія ўмовы ўтрымання ў гарадзенскім ізалятары часовага ўтрымання. Яна апавядае пра тое, што чакае людзей у ІЧУ і асаблівае стаўленне да “палітычных”:
“Пры траплянні ў ІЧУ чалавека “ставяць на харчаванне”: гэта адбываецца ў 9 гадзін раніцы. Калі трапіць у ІЧУ пасля 9 раніцы – да наступнай раніцы чалавек утрымліваецца без ежы. Да абеда. Ежа ў ІЧУ: сняданак у 7 раніцы (пад’ем у 6) – гэта 3 кавалкі белага хлеба і гарбата. Усё. Потым 7 гадзін да абеда. Я ела 1-2 кавалкі і астатняе жавала да абеда. У 8 раніцы прыносяць кіпень – не заўжды і толькі тым, у каго маецца куды яго наліць. Першыя два дні мы былі без кіпню, а потым мне перадалі пластыкавыя стаканчыкі – оооо!!!! Так што перадавайце сябрам “пластыкоўкі”. “Папяроўкі” не бяруць. Абед у 14. Гэта суп, каша і катлета, і 3 кавалкі чорнага хлеба. Супа і кашы шмат. Каб захаваць кашу, мы мазалі яе на хлеб, адзін-два кавалкі я з’ядала з супам, адзін-два, адпаведна, заставаліся для кашы. Потым вячэра, у 19: салат са свежай капусты і 1-2 рыбкі салакі смажаныя. Я пакідала сабе яшчэ палову катлеты. Нічога гарачага і негарачага піць не прыносяць ні на абед, ні на вячэру. Ваду мы пілі з крана. Пасля вячэры часам таксама бывае кіпень, залежыць ад змены.
Паветра ў камеры: можна адчыняць вакно. Я першыя два дні не ведала))) Як сапраўдны беларус, думала, “а можа так і трэба”)). Ключ ад вакна трэба прасіць у ахоўніка, але нармальна выдаюць.
Расклад: у 6 раніцы пад’ем, у 22 адбой. Ежа (напісала вышэй). Двойчы на дзень праверка камер, пасля сняданка і пасля вячэры. У выходныя тройчы. Праверка заключаецца ў тым, што выводзяць з камер, прамацваюць металашукальнікам, у камеры стукаюць сценкі кувалдамі. Нічога страшнага.
“Палітычныя” павінны заўжды звонку камеры быць у кайданках. Перад праверкай нам зашчаплялі кайданкі праз кармушку (вакно ў дзвярах камеры), потым здымалі гэтак жа пасля праверкі. Плюс перамяшчэнне па ІЧУ (напрыклад, калі мяне на 8-мы дзень павялі на допыт у следчы камітэт ці нават перад вызваленнем).
“Палітычным” не даюць матрасаў. Мне вельмі пашанцавала ўзяць з хаты пухлую цёплую куртку – я на ей спала, сядзела, накрывалася ёй. Іншым дзяўчынам давалі курткі і вопратку “абавязаныя”. Палітычным нельга “сядзець і ляжаць на нарах удзень”. Але пра падлогу нічога не гучала. Я сядзела пераважна на падлозе на куртцы, спала (бо знайшла куток, нябачны для аховы) – але асобныя ахоўнікі інтэрпрэтуюць па-свойму, “вам нельга спаць!”. Ну, я навучылася спаць нават стоячы)))
“Палітычным” нельга перадаваць прадукты. Толькі ваду, сродкі гігіены, вопратку. Але – спрабуйце. Перадачы магчымыя штодня. Я за тыдзень атрымала тры. Што важнага з перадач: сода (ад пякоткі, і мыць ракавіны можна), “пластыкоўкі” (для кіпня), крэмы-шампуні (толькі ў празрыстым!!!), вільготныя сурвэткі, мыла, туалетная папера. Пракладкі так, але на выпадак менструацыі там выдаюць.
Папера, асадка, кнігі і цыгарэты – адразу не. Проста гэта забаронена. Кнігі, асадкі, паперка – паўгадзіны ўдзень для “палітычных” (для іншых – неабмежавана). Ну і кожная прадукцыя друкаваная (сканворды там). Кніга была адзінае, дзеля чаго я падставілася пад парушэнне, калі не вярнула яе, а схавала. Ну блін))) Ні ў чым не праяўляла непаслухмянасці, на нарах не сядзела і г.д., але ж кніга… Ну, напэўна, гэта кажа нешта пра каштоўнасці. У той час, як нашы “абавязаныя” клянчылі цыгарэты, я думала, як бы пачытаць.
Кожныя 15 хвілін у камеру зазірае ахоўнік праз маленькае вечка. Так можна сачыць за часам. У аховы можна ў гэты момант нешта запытацца. Калі вельмі трэба, можна грукаць па дзвярох, яны чуюць. Ноччу святло не гасіцца. Палітычных будзяць у 1 і 3 гадзіны, яны павінны падысці да кармушкі і назваць сябе, дату нараджэння і свой артыкул.
Прыбіральня ў камеры: проста ўнітаз. Ен не закрыты. Так, трэба спраўляць свае патрэбы на вачах іншых людзей. І ахоўнікаў, бо ў кожнай камеры вісіць відэакамера, яна захоплівае частку ўнітаза. Проста прыміце гэта. Мне вельмі сумна было за дзяўчын, бачна было, як яны саромеюцца. Але што паробіш.
Чысціня: залежыць выключна ад людзей. У першай камеры ў мяне працякаў унітаз, забівалася ракавіна. Я сама чысціла яе, раскручвала сіфон, сачыла за лужынай ля ўнітаза, перыла анучку для падлогі. Па сутнасці, прыборка – самае творчае, чым можна займацца ў ІЧУ))) І час ляціць, і побыт прыемней.
Душ належыць па суботах, але нас так і не звадзілі. Часам я думаю, што і добра, бо зручней нікуды і не выштурхоўвацца лішні раз. Я цалкам забяспечвала сабе душавыя працэдуры ў камеры.
Ахоўнікі: па-рознаму. Але ніхто не ставіўся жорстка. Асабіста мяне раззлоўвалі тыя, хто намагаўся жартаваць. Блін, сур’езна, чэл, ты там, звонку, а я тут, у камеры – што, нахран, ты хочаш? Але ну вас. Больш мне падабаліся хлопцы, які падыходзілі да працы чыста фармальна: ніякіх жартаў, затое ніякіх абразаў. Увогуле, я нікога з ІЧУ не магу звінаваціць у нейкім жорсткім ці пагардлівым абыходжанні, акрамя, хіба, адзінага дзяжурнага. А так-та… У людзей свая праца. І яны па-рознаму, але ўсе намагаліся рабіць яе максімальна па-чалавечы.
Канешне, сумна і жахліва ад таго, што людзі павінны цярпець такія ўмовы. Я бачыла, што гэта цяжка давалася іншым дзяўчынам. Тое, што я перажыла адносна лёгка, не азначае, што гэта нешта прымальнае.
І я вельмі спадзяюся і ўсей душой жадаю, каб гэтая інфармацыя ніколі вам не спатрэбілася”.