Два вядомыя беларускія праваслаўныя святары – Аляксандр Кухта і Георгій Рой выйшлі з пад юрысдыкцыі маскоўскага патрыярхату.

Протаіерэй Георгі Рой і іерэй Аляксандр Кухта — святары Беларускай праваслаўнай царквы, якія вымушана выехалі з Беларусі ад пераследу ўлад у сувязі з іх пазіцыяй наконт беларускага палітычнага крызісу і расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яны звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор, бо па меркаваннях сумлення яны не могуць знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Усяленскі Патрыярх разгледзеў іх прашэнні і прыняў іх пад свой амафор.

На Вялікдзень 2023 года ў Вільні адбудзецца першае набажэнства для праваслаўных беларусаў, дзе будуць служыць новыя святары Усяленскага патрыярхату.

Раней айцец Георгі Рой служыў у Гарадзенскім Пакроўскім саборы, потым быў пазбаўлены пасады настаяцеля і пераведзены служыць у вясковы храм.