Радыё Свабода паразмаўляла пра беларускую АЭС і колькасьць здарэньняў на ёй, а таксама пра небясьпеку разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі з расейскім фізікам Андрэем Ажароўскім.

Пра новыя інцыдэнты на беларускай АЭС
— Нядаўна літоўская выведка паведаміла пра чарговыя інцыдэнты на беларускай АЭС, датаваныя 2022 годам. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці?
— Схільны давяраць гэтым паведамленьням. Цяпер іх нельга праверыць, бо няма спосабаў весьці дыялёг зь беларускімі атамнікамі. Інфармацыі ад літоўскага боку ёсьць ускосныя пацьверджаньні. Літоўская выведка паведаміла, што ёсьць праблемы ў зварачных злучэньнях шпонак рэактара. Корпус рэактара на 330 тонаў павінен мацавацца ў шахце рэактара. Гэта павінна быць мацаваньне безь перакосаў, якое павінна вытрымліваць землятрус. Там маглі быць дэфэкты ў зварных злучэньнях. Мы ведаем, што ў іншых месцах былі падобныя выпадкі. На Ленінградзкай АЭС, якую таксама будаваў «Росатом», выявілі фальсыфікацыі якасьці зварных швоў. Пра гэта расказаў былы супрацоўнік, які зьехаў у Фінляндыю. Другая ўскосная прыкмета — першы энэргаблёк кепска працуе.

Па дадзеных Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі, за мінулы год каэфіцыент выкарыстаньня намінальнай магутнасьці быў 58%. Гэта значыць, што 42% часу энэргаблёк не працаваў. Незаплянаваныя спыненьні таксама сьведчаць аб праблемах на энэргаблёку. «Росатом» пры будаўніцтве абяцаў, што ён будзе працаваць 95% часу.
Частка заган стала вядомая беларускім «Кібэрпартызанам». Там зьвесткі наконт турбіннага памяшканьня. Там дзясяткі тысяч недаробак, частка якіх вельмі дробныя.
Другі энэргаблёк абяцалі запусьціць год таму, не запусьцілі. Літоўская выведка паведаміла, што ваду-ахаладжальнік маглі забрудзіць смоламі. Гаворка пра іёнаабменныя смолы, якія павінны быць у асобных фільтрах і не трапляць у ваду першага контуру. Гэта шкодна для помпаў у першым контуры, пры трапляньні ў іх смалы помпы могуць спыніць працу. А калі помпа ламаецца — гэта крызіс цеплаабмену і пачатак аварыі. Калі смалу сапраўды прасыпалі ў першы контур, то год яны займаліся тым, што шукалі крупінкі гэтай смалы. Гэта надзвычай складана.

— Больш за дзесяць інцыдэнтаў на АЭС з пачатку будаўніцтва — гэта наагул нармальна?
— Гэта нармальна для «Росатома». Ёсьць міт, што атамнікі — гэта людзі ў белых халатах, абсалютныя прафэсіяналы. Трэба прыгадаць момант, калі ўпусьцілі корпус рэактара. Гэта паведамлялі людзі з Астраўца, а мы ня верылі, бо нават для нас гэта было дзіўна. Аднак беларускі праект — падарунак для крытыкаў атамнай энэргетыкі: так доўга будаваць нельга, так дрэнна будаваць нельга. Першы і другі блёкі абяцалі ўвесьці ў 2017 і 2018 гадах. З другім блёкам пяць гадоў затрымкі. Прыкладна такая ж карціна па праблемах з рэактарам, які французы будавалі ў Фінляндыі.
Пра адкіды і магчымае закрыцьцё станцыі
— Літоўскі бок чарговым разам заклікаў спыніць Астравецкую АЭС. Наколькі гэта магчыма і як дорага?
— Станцыю спыніць можна, прыкладаў хапае. Гэта неймаверна дорага. Добры прыклад Літвы, якая не сама плаціць за работы па вывадзе з эксплюатацыі Ігналінскай АЭС, ёй дапамагае ЭЗ. Таму выснова — трэба мець добрых суседзяў.
— А што цяпер з адкідамі са станцыі, пытаньне іх захоўваньня так і ня вырашылі?
— Спачатку быў масавы падман. Беларускія ўлады казалі, што ўсе адкіды забярэ Расея, а гэта няпраўда. Расейскае заканадаўства забараняе ўвоз радыяактыўных адкідаў зь любымі мэтамі. Расея робіць адно выключэньне — гэта плютоній з адпрацаванага паліва. У Расеі выкарыстоўваюць гэты плютоній для атамных бомбаў. Пакуль такога пагадненьня няма. Рэшту адкідаў вяртаюць у краіну паходжаньня. Атамнікі называюць гэты працэс перапрацоўкай, але гэта проста выманьне плютонію.
Беларусь у любым выпадку мусіць будаваць месца разьмяшчэньня адкідаў. Звычайна гэта дарагая рэч, дзе захоўваюцца адкіды, пакуль яны не перастануць быць небясьпечнымі. Гэта могуць быць сотні тысяч гадоў.
Цяпер ідзе іншая кампанія па дэзынфармацыі. Нібыта Расея можа зь ядзерных адкідаў выняць цэзій і стронцый, а вярнуць ачышчаныя адкіды. Такой тэхналёгіі ў Расеі проста няма.

— Ці мае сёньня міжнародная супольнасьць хоць нейкі ўплыў на тое, што адбываецца на Беларускай АЭС?
— Ня трэба перабольшваць і гаварыць, што нейкі ўплыў на гэта быў. Яны раней проста адказвалі на нейкія тэхнічныя пытаньні. Калі першы раз было пазаштатнае адключэньне, яны адказалі на запыт, што ў іх згарэў нейкі трансфарматар. Цяпер атамная галіна ў Беларусі такая ж закрытая, як у СССР. Выведка суседняй краіны ведае пра яе больш, чым беларускія эколягі, таму што эколягаў проста павыганялі зь Беларусі.
Гэта падобна да чорнай скрыні, унутры якой нешта адбываецца, і ня дай бог адтуль нешта выльецца. Трэба разумець, што Вяльля працякае каля атамнай станцыі, і калі нешта выйдзе ў выглядзе аэразоляў са станцыі, усё гэта будзе змывацца вадой у раку і дастаўляцца ў цэнтар Вільні.
Пра небясьпеку тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі
— Сьпярша Пуцін, а пасьля і Лукашэнка заявілі аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Наколькі хутка гэта магчыма зрабіць?
— Гэта палітычнае рашэньне, якое, найперш, нічога не мяняе. Ядзерную зброю Расея можа разьмяшчаць у Калінінградзкай вобласьці, якая бліжэй да Заходняй Эўропы. Гэта, хутчэй, сымбалічны жэст, які паказвае васальную залежнасьць Беларусі. Калі гэта ня толькі палітычнае, а ваенна-палітычнае дзеяньне, то вайскоўцы сьпярша робяць, а пасьля заяўляюць. Які сэнс заяўляць загадзя? Цяпер было заяўлена, што па чыгунцы з Расеі паедуць спэцсаставы са спэцвырабамі. Гэта каб што? Каб любому дывэрсанту проста падказаць? Трэба было спачатку перамясьціць гэтую зброю, а пасьля паведаміць, што яна прыбыла. Будзе ў Беларусі ядзерная зброя ці не — сьвет ня зьменіцца.
— Наколькі гэта небясьпечна?
— Ядзерная зброя — барбарская зброя масавага зьнішчэньня, ад якой найбольш цярпіць мірнае насельніцтва. Усю іншую падобную зброю — бактэрыялягічную, хімічную — даўно забаранілі. Ад ядзернай зброі ня хоча адмаўляцца ніводная краіна.
Небясьпека ядзернай зброі недаацэненая. У выпадку ядзернай вайны мала нікому не падасца. Аднак асноўныя праблемы ядзернай вайны не зьвязаныя з радыяцыяй. У Хірасіме і Нагасакі людзі жывуць, а ў Чарнобылі — не. Вакол Фукусімы таксама людзі жыць ня могуць. Атамная энэргетыка выкідае падчас аварыі нашмат больш радыяактыўных рэчываў, чым ядзерныя выбуховыя прыстасаваньні. Ядзерная зброя небясьпечная для таго, супраць каго яна будзе прымененая. Вельмі шкада, што ў 90-я не дайшлі да таго, каб яе забараніць.

— З пункту гледжаньня лягістыкі, наколькі цяжка гэтую зброю абслугоўваць, там патрабуецца моцная ахова?
— Ня ведаю, пра якія тыпы ядзерных боепрыпасаў ідзе гаворка. Звычайныя ядзерныя прыпасы для самалётаў лёгка перамясьціць. Гэтая бомба падвешваецца да самалёта, і яна можа захоўвацца на бэтонных пляцоўках з павецьцю. Асаблівых умоў ці догляду там няма. Калі маюцца на ўвазе ракеты, якія перасоўваюцца на комплексах, то яны самі могуць прыехаць. Сховішча там можа быць у выглядзе гаража, такі комплекс можа знаходзіцца пад адкрытым небам. Гэта зброя, якая можа захоўвацца ў палявых умовах.
— Атамная станцыя можа стаць вайсковым аб’ектам?
— Станцыі, наадварот, больш уразьлівыя на выпадак ваеннага канфлікту. У выпадку разбурэньня станцыі забруджаньне будзе параўнальнае з Чарнобылем. Атамная станцыя — гэта ядзерная міна, закладзеная на тэрыторыі сваёй жа краіны сваімі ж рукамі. Прымяненьне звычайнай зброі па АЭС прыводзіць да паўтарэньня Чарнобылю. Забруджваньне можа пайсьці на 300 кілямэтраў у розныя бакі.
Нават артылерыйская сыстэма ня вельмі буйнога калібру можа прабіць рэактар і прывесьці да інтэнсіўнага выхаду атрутных рэчываў у навакольнае асяродзьдзе.
Андрэй Ажароўскі — расейскі фізык-атамнік, удзельнік экалягічнага руху, праціўнік будаўніцтва АЭС у беларускім Астраўцы. Удзельнік праграмы «Бясьпека радыяактыўных адкідаў». У 2012 годзе Ажароўскага выслалі зь Беларусі і забаранілі прыязджаць цягам 10 гадоў. Ён адбыў 10 дзён адміністрацыйнага арышту за тое, што разам з эколягамі спрабаваў перадаць у расейскую амбасаду ў Менску зварот супраць будаўніцтва БелАЭС. Размаўляем пра беларускую АЭС і колькасьць здарэньняў на ёй, а таксама пра небясьпеку разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
svaboda.org