Віктара Сазонава завезлі ў РАУС Ленінскага раёну Гародні. Яго затрымалі. Калі паводле адміністрацыйнай справы, то імаверна, што суд адбудзецца пасля выходных, у панядзелак 10 красавіка.

7 красавіка ў Гародні каля 10-й гадзіны сілавікамі быў затрыманы Віктар Сазонаў, вядомы грамадскі дзеяч, праваабаронца, пісьменнік. Яго затрымалі, калі ён пад’ехаў да сваго дома на машыне.

Віктара Сазонава затрымлівалі сілавікі ў „баявой” амуніцыі, з якой прычыны яго затрымалі – пакуль невядома.

Напомнім, што Віктара Сазонава затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года, калі па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў. Значны час Сазонаў быў у статусе падазраванага па так званай „справе „Вясны”, знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, пазней з яго гэты статус знялі.