
“Грандыёзная” па маштабе падзея адбылася ў Гародні ў асяроддзі дзяржаўных ідэолагаў-прапагандыстаў. Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы падпісаў афіцыйную дамову пра супрацу ажно з галоўным упраўленнем ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму. Пра гэта паведамляюць рэгіянальныя дзяржаўныя медыйныя органы.
Нават ехаць нікуды не спатрэбілася – універсітэт і аблвыканкам знаходзяцца на адлегласці ста метраў адзін ад аднаго. Дамова найперш скіравана на супрацу аблвыканкаму з студэнтамі юрыдычнага факультэту. Так што галоўная яе мэта – падрыхтоўка ідэалагічна бездакорных і “правільных” суддзяў, следчых, пракурораў. Пагадненне “нацелено на развитие и совершенствование принципов и методов подготовки квалифицированных кадров”.
Подпісы пад гістарычным дакументам паставілі начальнік упраўлення аблвыканкаму Ігар Булаўка і першы прарэктар універсітэту Аляксандр Карэўскі. Ігар Булаўка працытаваў свайго гістарычнага настаўніка: “Все мы знаем выражение: кадры решают все”.
Прысутнічаў на паседжанні і адзін з галоўных універсітэцкіх прапагандыстаў, які займае пасаду загадчыка кафедры паліталогіі Віктар Ватыль: “надо помнить, что в первую очередь нам нужен квалифицированный специалист. Мы собираемся вместе с главным управлением идеологической работы и по делам молодежи сделать это, используя современные преподавательские технологии”.
