
Фота: Памежная служба Польшчы / Twitter
Як паведамілі ў Памежнай службе Польшчы, за суткі 8 красавіка з Беларусі не пусцілі 28 замежнікаў, якія намагаліся перасекчы мяжу ў абыход пунктаў пропуску. Сярод мігрантаў былі грамадзяне Арменіі, Таджыкістана, Пакістана і Кеніі. Кеніец, прыкладам, спрабаваў трапіць у Польшчу праз раку Свіслач.
Акрамя таго, напярэдадні памежнікі затрымалі грамадзяніна Грузіі, які перавозіў двух афганцаў, а таксама двух таджыкаў, якія перапраўлялі мігрантаў праз граніцу.
Тым часам Памежная служба Польшчы ў сваім Twitter паведамляе, што ў суботу ўвечары «група з 20 агрэсіўных замежнікаў кідала камяні ў патрульных» з тэрыторыі Беларусі. Пацярпелых няма.
Цяпер на беларуска-польскай мяжы адкрытыя толькі два аўтамабільныя пераходы (адзін пасажырскі і адзін грузавы) і некалькі чыгуначных пераездаў для грузавых цягнікоў.
Пункты пропуску паміж дзвюма рэспублікамі пачалі закрывацца ў пандэмію ковіду, а потым – з пачаткам міграцыйнага крызісу. Пераход «Баброўнікі – Бераставіца» перастаў працаваць пасля прысуду журналісту, актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту.
Белсат