
Грамадскія актывісты з Осла да Вялікадня выслалі зняволенаму нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму 500 паштовак – піша сайт “Радыё Свабода”.
Сёлета на выставе, прысвечанай Нобелеўскай прэміі міру, аўдыторыі прапанавалі напісаць паштоўкі лаўрэату прэміі, беларускаму палітзняволенаму Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў зняволення. Актывісты Nobel Peace Cetner з Осла паказалі, як пасылаюць 500 паштовак Алесю Бяляцкаму. Паштоўкі яны выслалі 31 сакавіка і спадзяюцца, што яны трапяць у турму пасля Вялікадня. Яны ня ўпэўненыя, што іх перададуць у камеру Бяляцкаму, але турэмная адміністрацыя павінна іх зарэгістраваць.
“Гэта значыць, што яны ведаюць, што мы сочым за тым, што адбываецца з Алесем і з яго паплечнікамі з праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Алесь любіць катоў і кветкі. Таму мы зрабілі паштоўкі з яго любімымі рэчамі, яны праілюстраваныя ў цэнтры Нобелеўскай прэміі міру”, — адзначылі актывісты.