Гарадзенскі журналіст-палітязень Дзяніс Івашын нарэшце азваўся з калоніі №15 (горад Магілёў), патэлефанаваўшы маці ў суботу 8 красавіка. З першага разу, на жаль, датэлефанавацца Івашын не змог, але тэхнічныя праблемы сувязі супрацоўнікі калоніі не палічылі дастатковай прычынай для падоўжання часу пачатай толькі з другой спробы размовы. Таму ў Дзяніса з маці была магчымасць пагаварыць усяго пару хвілін.

Палітвязень паспеў сказаць, што яго стан здароўя палепшыўся, аднак, ён дагэтуль кашляе час ад часу. Людміла Івашына-Добіна спытала, ці атрымаў Дзяніс дасланую яму бандэроль, але ён адказаў адмоўна. Пазней сваякі праз электронны сэрвіс пошты высветлілі, што пасылка з 6 красавіка і аж дагэтуль знаходзіцца на пошце, прычыны чаго невядомыя.

Івашын таксама сказаў, што ў дадзены момант не працуе, а знаходзіцца ў атрадзе. Сваякі не ведаюць, чаму так адбываецца. Але яны хвалююцца, каб, скарыстаўшыся адсутнасцю сведак, працаўнікі калоніі не ўчынілі нейкую правакацыю супраць журналіста, падставілі яго пад нейкае «парушэнне» і змясцілі ў ШІЗА.

Раней родныя атрымлівалі ліст ад Івашына ад 29 сакавіка, а таксама адказ начальніка калоніі ад 31 сакавіка на просьбу перадаць чарговы (пяты) раз дасланыя копіі дакумантаў пра сваяцтва палітвязню, каб ён мог тэлефанаваць родным, што неўзабаве і сталася. Лістоў ад айчыма Дзяніс Івашын не атрымлівае дагэтуль, хоць іх было даслана пяць штук. Таксама як і лісты ад Дзяніса да адрасата не патрапілі, што самым наўпроставым чынам парушае правы палітвязня на атрыманне і дасыланне карэспандэнцыі без абмежаванняў.