
Патрыяршы экзарх БПЦ Веніямін, якія ўсяляк падтрымлівае цяперашні рэжым Беларусі і русіфікацыю царквы, выдаў адпаведны ўказ.
Паведамляецца, што забарона накладзеная „на падставе канонаў Святой Царквы” у сувязі з пераходам святарамі ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхату.
44-гадовы протаіерэй Георгій Рой — аўтарытэтны святар з Гародні. Дацэнт Менскай духоўнай акадэміі, у Гародні ён быў настаяцелем спачатку старажытнай Каложы, пасля — Пакроўскага кафедральнага сабора. 30-гадовы іерэй Аляксандр Кухта — сама папулярны праваслаўны відэаблогер Беларусі, аўтар канала «Бацюшка адкажа» з 47 тысячамі падпісчыкаў.
Абодва ў 2020-м асудзілі фальсіфікацыю выбараў і масавыя рэпрэсіі, а ў 2022-м — вайну ва Украіне. Яны выехалі з Беларусі і падалі прашэнне патрыярху Канстанцінопальскаму аб пераходзе ва Усяленскі патрыярхат. Гэтае прашэнне было задаволена.