«Калегі заклікалі мяне застацца ў Польшчы, але я вырашыла, што мушу вярнуцца ў Беларусь», — распавяла выданню Rzeczpospolita Анжаліка Борыс, старшыня пераследаванага рэжымам Саюзу палякаў Беларусі.

Foto: Fotorzepa/Robert Gardziński
Больш чым праз два гады з вас нарэшце знялі ілжывыя абвінавачванні. Тым часам вы правялі год у СІЗА. Як пані сябе адчувае?
– Чалавек пасля такіх перажыванняў адчувальны да чужых пакут. Я значна больш хвалююся за іншых людзей. Каштоўнасці мяняюцца. Тое, што калісьці было важным, становіцца няважным. Я не адчуваю ні эйфарыі, ні радасці. Перш за ўсё я хвалююся за сваіх калегаў, за тое, каб Анджэй Пачобут выйшаў на волю. Хвалююся за сябровак Ірэну Бернацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Каб яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Бо яны тут нарадзіліся і, упэўнены, вельмі перажываюць. Я таксама хвалююся за тое, каб іншыя людзі мелі нармальнае жыццё. Вы кажаце, што чалавечыя каштоўнасці мяняюцца.
Што для вас цяпер важна, а што страціла значэнне?
– Для мяне важна здароўе маёй сям’і і сяброў. Я рада бачыць сонца і неба. Мне прыемна пачуць прыгожыя спевы птушак, на якія раней не звяртала увагі. Я рада, што людзі, зь якімі я была ў зняволенні, цяпер у іншым месцы. Матэрыяльныя рэчы, безумоўна, адыходзяць на другі план. Важней чалавечае сяброўства і салідарнасць. Лепш пачуць добрае слова або перажыць добры жэст, чым атрымаць падарунак.
Наколькі важная салідарнасць для людзей, ізаляваных ад астатняга свету? Ці даходзіць падтрымка звонку?
– У тых месцах таксама ёсць людзі. І з імі трэба знаходзіць агульную мову, як і ў паўсядзённым жыцці чалавека. Я старалася дапамагаць тым, каму магла. Ёсць прынцып, што навакольнае асяроддзе будзе ставіцца да цябе гэтак жа, як і ты да гэтага асяродку. Трэба быць чалавекам. Чалавечыя кантакты, сяброўства і салідарнасць. Гэтыя каштоўнасці вечныя і важныя. Даходзілі лісты ад сяброў, але не ўсе. Важна мець кантакт з іншымі людзьмі.
Але не ўсё залежыць ад сукамернікаў. Турмой кіруе адміністрацыя. Як яна ставілася да вас?
– Не хачу гэта каментаваць.
Вы сталі героем для многіх палякаў. Што б вы хацелі сказаць людзям, якія больш за два гады падтрымліваюць вас і вашых суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі?
– Перадусім я хацела б усім шчыра падзякаваць. Я не думаю, што я зрабіла нешта незвычайнае. Я не адчуваю сябе героем і не хачу, каб да мяне ставіліся як да героя. Я была б больш шчаслівай, калі б Анджэй Пачобут апынуўся ў такой жа сітуацыі, як я сёння. Каб ён быў на волі. Я вельмі перажываю за яго і іншых калегаў. Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я старалася, але часам арганізм чалавека дае збой і не ўсё залежыць ад нас.
Пані ёсць вельмі сціплым чалавекам
– Вакол занадта шмат пакут, на фоне якіх мае сённяшнія перажыванні нішто. Не хачу перабольшваць сваю ролю, час усё расставіць на свае месцы. Дзякуй за дапамогу, дзякуй родным і блізкім. І з Беларусі, і з Польшчы. Для мяне гэта было важна. Мы павінны трымацца разам, знаходзіць адзін аднаго тут і цяпер.
Ці можаце вы расказаць, што адбылося вясной 2021 года, калі актывістак польскай меншасці (Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву) вывезлі ў Польшчу проста з турмы? Ці праўда, што тады вам і Анджэю Пачобуту таксама паступіла прапанова пакінуць краіну?
– Так, у свой час такая прапанова была, але я адмовілася. Па-першае, я тады не ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела, каб я з’ехала з краіны, а яны засталіся. Я не хацела кідаць сваіх сяброў. Другі раз, калі ў мяне была магчымасць выйсці на волю, я пагадзілася, бо не ведала, ці вытрымае ўсё гэта маё здароўе.
Ці праўда, што ваша маці прасіла Аляксандра Лукашэнку вызваліць вас?
– Так, мама звярнулася з лістом. Я тады таксама вагалася. Гэта быў адзіны раз, калі я мела магчымасць пабачыць Анджэя ў зняволенні. Я сказала яму, што маё здароўе можа не вытрымаць.
І што на гэта адказаў Анджэй?
– Ён выязджаць катэгарычна адмовіўся. Ён сказаў мне трымацца. Я літаральна на момант убачыла яго. Гэта было два гады таму.
Шмат што змянілася з 2020 года. Дзейнасць Саюзу палякаў была поўнасцю заблакаваная, польскія школы зачынены, многія мемарыялы знішчаны. Ці мае польскасць там яшчэ шанец выжыць?
– Гэта не залежыць ад мяне і не залежыць ад польскай меншасці. Хацелася б, каб як мага больш дзяцей вывучалі польскую мову, паколькі я па прафесіі настаўніца польскай мовы. Я пачала клапаціцца пра польскую мову і культуру ў Беларусі яшчэ ў 1992 годзе. Прайшоў некаторы час. Шмат чаго здарылася. Пандэмія, а цяпер і вайна ва Украіне. Столькі пакут. Нам застаецца верыць у лепшае. У нас такія, а не іншыя абставіны.
Тое, што вы перажылі за апошнія больш чым два гады, хіба падобна на фільм ці кнігу?
– Сёння мае думкі ў іншым месцы, у галаве няма месца ні фільмам, ні кнігам.
Што мы, журналісты ў Польшчы, можам сёньня зрабіць для палякаў, якія жывуць у Беларусі, і асабліва для засуджанага на 8 гадоў зняволення Анджэя Пачобута і іншых вязняў рэжыму?
– Дастаткова добрага слова, добрага жэсту і разумення. Для нас гэта вельмі важна. І яшчэ раз усім дзякуй. Я вельмі перажываю за Анджэя і хачу, каб ён меў такі ж статус, як і я. Калі ласка, не забывайце пра яго.
Размаўляем у Вялікую Пятніцу. Якая атмасфера сёння ў Гародні?
– У Гародні заўсёды ёсць свой асаблівы шарм і настрой. Набліжаецца Вялікдзень і храмы поўныя вернікаў. Адчуваецца велікодная атмасфера.
Думае пані пра выезд у Польшчу?
-Я зараз не думаю пра гэта. Я настаўніца польскай мовы і для мяне важна мець магчымасць выкладаць польскую мову ў Беларусі. Сітуацыя можа таксама скласціся і інакш, толькі час пакажа.
А ці праўда, што пасля вызвалення ў сакавіку мінулага году вы паспелі наведаць Польшчу?
-Я была ў Польшчы ў ліпені мінулага года. Знаходжанне было кароткім, я была ў Беластоку. Я сустракалася са сваімі сябрамі. Калегі прасілі мяне застацца ў Польшчы, але ў мяне быў прызначаны яшчэ адзін допыт. Я адчувала сябе дыскамфортна з-за гэтага і вырашыла, што трэба вярнуцца. І што будзе, тое будзе. Беларусь — наша краіна, Польшча — другая радзіма. Я не хачу ўцякаць са сваёй зямлі.
Хацелі б нешта дадаць?
–Я хацела б падзякаваць усім і павіншаваць вас са Святам. Жадаю здароўя і Божай апекі. Будзьце ў добрым настроі. Наўкола шмат цяжкасцей, чалавеку сёння патрэбна шмат сіл. Каб мы ўсё гэта перажылі.
Руслан Шошын, Rzeczpospolita
Пераклад Беларускага Радыё Рацыя