фота з фэйсбуку

Як стала вядома «Нашай Ніве», менеджара культуры Сяргея Макарэвіча выпусцілі пасля пяці месяцаў за кратамі. Інфармацыі пра яго справу амаль няма.

Сяргей Макарэвіч адразу пасля вызвалення з турмы Гродна. Скрыншот са сторыз у інстаграме ягонай жонкі

Сяргей Макарэвіч адразу пасля вызвалення з турмы Гародні. Скрыншот са сторыз у інстаграме ягонай жонкі

Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада пасля ператрусу ў яго дома. Меркавалася, што ён праходзіць па справе «Маёнтка Падароск». Як і фонд «Вяртанне», у якім працаваў Сяргей, «Маёнтак Падароск», ініцыятыва па аднаўленні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, фінансаваліся бізнэсоўцам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым.

Фонд «Вяртанне» падтрымліваў шматлікія праекты беларускай культуры. Ён быў ліквідаваны ў канцы кастрычніка рашэннем Менскага гарадскога суда, у шэрагу іншых незалежных грамадскіх і культурных арганізацый. 

Праваабаронцы прызналі Сяргея Макарэвіча палітвязнем.

Увесь гэты час Сяргей знаходзіўся ў гарадзенскай турме №1. За яго вызваленне актыўна змагалася сям’я.

Між сяброў Макарэвіча ходзіць інфармацыя, што вызваленне пад паручальніцтва яму прапанаваў следчы на мінулым тыдні. І вось, паручальнікаў удалося знайсці.

Інфармацыі пра справу Макарэвіча, як і пра большасць палітычных спраў, практычна няма ў выніку таго, што прадстаўнікі цяпер інтэрпрэтуюць падпіску пра неразгалошванне, якую бяруць як з фігурантаў спраў, так і з адвакатаў, незаконна шырока. У выніку ўсё, што вядома грамадству, — што справа існуе.