У Беларусі зафіксавалі яшчэ адзін акт вандалізму на могілках жаўнераў Арміі Краёвай. З каменя на невялікіх могілках каля вёскі Варзяны Астравецкага раёна знікла памятная шыльда, паведамляе Саюз палякаў Беларусі.

На гэтых могілках пахаваныя 18 байцоў 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі ў бітве з нямецкімі войскамі, якая адбылася каля гэтай вёскі 31 студзеня 1944 года.

Памятны камень у Варзянах яшчэ з шыльдай. Фота: glosznadniemna.pl

Пачынаючы з мінулага года ў Беларусі рэжым Лукашэнкі вядзе планамернае знішчэнне ці апаганьванне пахаванняў польскіх жаўнераў часоў Другой сусветнай вайны ці польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. Вядома пра падобныя выпадкі ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, Мікулішкі, Качычы, Плябанішкі, Сурконты, а таксама ў горадзе Іўе.

Пакуль дзяржаўныя служкі занятыя пошукам доказаў генацыду беларускага народу ў часы другой сусветнай вайны,«невядомыя» знішчылі гранітную шыльду на камені-помніку загінулым у баях з нацыстамі партызанаў-жаўнераў Арміі Краёвай. Фармальна вандалы невядомыя, але, улічваючы досвед апошніх гадоў, антыпольскую гістэрыю ў дзяржсродках прапаганды і на самым высокім чыноўным роўні, такі разгул «хуліганаў» мае відавочную падтрымку афіцыйнага Менску. Таму прадстаўнікі польскай меншасці, а таксама дэпутаты і дыпламаты Польшчы справядліва абвінавачваюць рэжым Лукашэнкі ў гэтым барбарстве.

Атрымліваецца, што щлады Беларусі цікавіць толькі колішні генацыд савецкіх беларусаў, а сёняшні вандалізм у дачыненні да памяці і месцаў пахавання партызанаў несавецкага супраціву з нацыстамі яны «не заўважаюць».