
Са зменлівым сакавіцка-красавіцка надвор’ем увайшлі мы ў велікодны перыяд. Календары — і грыгарыянскі, і юліянскі прынеслі нам у гэтым годзе цікавую велікодную расцягнутасць, але і адначасна такой прымеркаванай да дат фактаграфічнасцю высока паставіў вернікам дзвюх сістэм летазлічэння выклікі ўсёй нашай грэшнай штодзённасці. Спачатку дзеля гістарычнай і журналісцкай памяці давайце пералічым святочнае велікоднае чаргаванне, у якім прыходзіцца зараз хрысціянам усіх канфесій адшукваць сябе ў духоўным і цялесным вымярэнні. Так неяк у нашым нацыянальна-духоўным кругавароце жыцця складаецца, што менавіта Акт 25 Сакавіка супадае з хрысціянскім святам Благавешчання паводле грыгарыянскага календара, тыдзень пазней — 2 красавіка ў католікаў была Пальмавая нядзеля, а ў нядзелю 9 чысла вернікі заходніх цэркваў адзначылі свята свят — Пасху Гасподнюю. Праваслаўныя ішлі ў гэты дзень адзначыць уезд Хрыста ў Іерусалім і па-народнаму сустракаць яго ў гэтак званую Вербніцу. А праз тыдзень ад каталіцкага Вялікадня, як у нас гавораць, 16 красавіка ў падляшскіх цэрквах пачуецца ўвесь год чаканы самы радасны кліч Божай ласкі і чалавечай яго любові — Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! — адкажам мы з глыбіні сэрца і душы. Абы толькі дабро, любоў і вера дапамаглі нам і ўсяму чалавецтву ў чарговы раз супрацьстаяць д’ябальскай перспектыве акунуцца ў бязмежжы грэшнасці і прадажнасці!
І потым маем менавіта перыяд дачынення з той самай блізкай памяццю, якой мы не павінны загубіць, а наадварот, перадаць яе наступным пакаленням нашых сямейных родаў. Правадная нядзеля, Радаўніца і другія святы ў веснавым каляндарным цыкле, калі найчасцей мы завітваем асабіста — фізічна і духоўна — на ўсе могілкі, кладбішчы, каб нам, зямным грэшным, пакланіцца перад Божым вечным! У светласці і веснавым прабуджэнні блукаем са спагадай і надзеяй паміж прошлым і будучым. Але менавіта тое пачуццё быцця разам у чарговы раз зладжвае ўнутраную гармонію і прыбліжае да самаразумення простых і найважнейшых праўд нашага зямнога, матылінага трымцення. Што няма нашай дарогі ў вечную будучыню, калі не атулім зямной памяццю сваіх продкаў, што патрабуюць крыжа і малітвы з нашага боку. Штораз больш адчувальна ў рэальнасці прыходзіць і час развітанняў паміж сабою і ў маім пакаленні. Нябесныя шляхі паклікалі да сябе бабуль і дзядуль, мам і татаў. Натуральнае чаргаванне і Божы парадак з’яўляецца той заканамернасцю, ад якой нельга выкупіцца. Яшчэ не так даўно, здаецца ўчора, мы склікаліся, каб сустрэцца на ўмоўных барыкадах. Тады ж хацелася наводзіць свае парадкі і верыць, што ўсё адолеем, каб нашы ідэі і змены замацаваліся ў штодзённасці. А тут як не бач, прыходзіцца з натуральнай вітальнасцю ўжо сцвярджаць — сустрэнемся на могілках! І ў нашых дзеяннях і размовах штораз больш патрэбы хаця б зрабіць парадак на могілках, каб давесці магілы да парадку, ці аднавіць памяць тым нашым прызабытым сямейнікам, ці аднавяскоўцам. Бярэмся часта рабіць справы продкаў, якіх яны не паспелі завяршыць, ці проста з-за ваенных і сямейных завірух не змаглі скласці расцярушаных касцей пад знакам крыжа.
Яшчэ нашы вочы гараць і, здаецца, хочацца імі варочаць свет, але ўжо здароўе не тое і свет штораз менш становіцца зразумелым. Як добра, што хаця Вялікдзень ёсць тым вечным арыенцірам, што ў веснавое прабуджэнне нагадвае пра зямное цярпенне і адкупленне нашай грэшнасці. А калі перад вачыма зайграюць нам усёй сонечнай вясёлкай усе колеры крашаных, пісаных яек — то тады проста, трымаючы іх у руках, адчуваеш удзячнасць за тое, што і Тваё жыццё было, ёсць і будзе ў Тваіх і Божых руках!
Яўген Вапа