
У першую дэкаду красавіка па Гарадзеншчыне зноў пракацілася хваля затрыманняў і беспадстаўных судоў людзей па адміністрацыйных справах за нібыта “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пры тым вядомыя выпадкі, калі людзі звярталіся ў міліцыю па іншых справах, а ў іх забіралі тэлефоны, шукалі розныя падпіскі і пачыналі адміністрацыйныя справы. Значная частка людзей нават не паведамляе іншым пра свае затрыманні і пераслед. Таму маштаб пераследу рэальна значна большы.
Вось толькі пералік некаторых людзей, якіх незаконна затрымлівалі і пераследавалі ў красавіку:
3 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гародні судзілі Віктара Ламеку — прадпрымальніка з Зэльвы. Некалькі гадоў ён абараняў прадпрымальнікаў з Гарадзенскай вобласці і бараніў свае правы ў судах;
5 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна судзілі гарадзенку Наталлю Цярэшку;
6 красавіка Іосіфа Ацьмана судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні;
7 красавіка Сяргея Кохара судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні;
7 красавіка затрыманага раней Андрэя Раўчакова засудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў судзе Лідскага раёна;
7 красавіка ў Лідзе засудзілі былога супрацоўніка МНС Алега Пазняка. Паводле ч. 2 арт. 19.11 КК яму прызначылі пяць сутак арышту;
Уладзіслаў Мігдалёнак з Ваўкавыска быў аштрафаваны 15 базавых велічынь (555 рублёў);
10 красавіка Сяргея Кохана судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні.
10 красавіка Віктара Сазонава, якога затрымалі 7 красавіка, засудзілі да 25 базавых велічынь штрафу.