
Міністэрства замежных спраў Летувы выступіла з нотай пратэсту ў звязку з неаднаразовымі выпадкамі парушэння памежнікамі Беларусі летувіскай дзяржаўнай мяжы. Ноту сёння перадалі прадстаўніку амбасады РБ.
«Нота была ўручаная ў звязку з парушэннем дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Летува супрацоўнікам памежнай службы Рэспублікі Беларусь, зафіксаваным 12 красавіка 2023 года ў зоне дзеяння Швянчонскай (Свянцянскай) памежнай заставы Віленскага памежнага атраду», — паведамляе МЗС Літвы.
Летувіскі бок патрабуе ад Беларусі як мага хутчэй даць тлумачэнні датычна інцыдэнту і прыняць неабходныя меры для прадухілення такіх інцыдэнтаў надалей.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Летувы звінаваціла памежнікаў РБ у парушэнні мяжы 12 красавіка. Паведамлялася, што пяцёра беларускіх памежнікаў ішлі ўздоўж мяжы. Адзін з іх ненадоўга зайшоў на летувіскую тэрыторыю на адлегласць каля аднаго метра, пасля чаго адразу вярнуўся на тэрыторыю Беларусі.