
«Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас» – напісала Ларыса Геніюш у сваім велікодным вершы 1954 года. Звярніце ўвагу на дату напісання, гэта ўжо пасля смерці Сталіна. Хоць паэтка насамрэч магла напісаць яго і раней, бо ніколі не хавала сваіх поглядаў і была непахіснай сапраўднай хрысціянскай верніцай. У адрозненне ад тых сённяшніх «служыцяляў культу», якія ноччу, нібы злачынцы, прыбіраюць помнік Геніюш, што дваццаць гадоў стаяў ля Зэльвенскай царквы, у якой заўсёды малілася Ларыса Антонаўна і насупраць якой праз дарогу яна жыла. Якраз 7 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, але яе ахвярная асоба па-ранейшаму не дае спакою ненавіснікам усяго беларускага і хрысціянскага. Як многа пазней вобразна напісаў іншы наш паэт Анатоль Сыс: «У гэтай краіне ня маю я Бога, ушчэнт разапселі яго святары: дзе церні павінны насіць – носяць рогі…». Праверка – яна для ўсіх праверка. Час паказвае хто каму і як служыць, хто што сее, якія парасткі ўзыходзяць і якія плады ў каго выспяваюць.
Упершыню пра Ларысу Геніюш я пачуў хіба ад Змітра Кісяля прыблізна ў годзе 1988-ым, магчыма на гарадзенскім гісторыка-культурным клубе «Паходня». Яго бацькі, як і Ларыса Антонаўна, былі вязнямі савецкіх канцлагераў, былі з ёй знаёмыя, і нават прозвішча маці Змітра было амаль такое ж – Генаш. Зараз не магу ўявіць як Кісель перажыў бы крадзёж з-пад зэльвенскай царквы гэтага сціплага помніку Ларысе Геніюш, якую ён лічыў амаль святой. Але Змітра Кісяля, які быў сярод закладальнікаў традыцыі Дня памяці Ларысы Геніюш, як і многіх беларускіх патрыётаў-сучаснікаў, ужо няма сярод нас. Сёлета яму ў траўні споўнілася б 60 гадоў, але лёс адмераў яму толькі 42…
Ужо чацвёрты запар Вялікдзень перажываецца беларусамі ў асаблівых умовах выпрабавання, у 2020 годзе гэта было святкаванне ва ўмовах распаўсюду небяспечнага вірусу і страшнай эпідэміі, потым – тры гады безупыннага і жорсткага пераследу, нібы ў час узнікнення ранняга хрысціянства. Гэта выпрабаванне цемрай, татальным злом, якое пануе наўкола і чыніць здзекі з беларусаў. Выпрабаванне нацыі найперш на маральную вытрываласць і духоўную спеласць – як кожнага асобнага чалавека, так і ўсяго народа. Гэта асаблівы перыяд у нашай гісторыі і ў жыцці кожнага індывіда. Кожны робіць свой цяжкі выбар і кожны мае шанец убачыць дзе дабро і дзе зло. І кожны мае выбар стаць па нейкім баку. Гэта той час, калі нельга не зрабіць гэты выбар, нельга падобна стравусу схаваць галаву ў пясок. І памагчы застацца чалавекам, захаваць сваю годнасць і людскасць, можа якраз найвялікшы цуд Уваскрасення Хрыстова. Бо ўваскрэслы Збаўца як і раней зноў дае прыклад перамогі Жыцця над смерцю і паказвае, што за цемрай абавязкова надыдзе Святло. Ён дае нам надзею, ён дорыць любоў у нашыя сэрцы, ён напаўняе верай кволыя чалавечыя душы і натхняе на веліч духу.
Беларусы зараз расцярушаныя па ўсім свеце, адны пакутуюць у нялюдскіх турэмных умовах, іншыя перажываюць змушаную эміграцыю і адарванасць ад роднай зямлі. Многія сем’і зараз раз’яднаныя калючым дротам калоній, мурамі вязніцаў, межамі дзяржаваў, не могуць разам сесці за святочны велікодны стол і з радасцю сустрэць святло Пасхі. Але чалавек створаны паводле божага падабенства, а для Бога няма нічога немагчымага. І таму з цвёрдай веры кожнага сэрца складаецца наша агульная Вера ў Адраджэнне Бацькаўшчыны, з кожнай маленькай справы і праявы салідарнасці фармуецца і гуртуецца наша агульная сіла нацыі пад святым хрыстовым бел-чырвона-белым сцягам. Сцягам пакуты і сцягам радасці пад вечным Сонцам і Праўдай гісторыі.
І згодна з запаветам нашай вялікай Паэткі Ларысы Геніюш:
«Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсне наша Беларусь!».
Уладзімір Хільмановіч