15 красавіка спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Паўла Жука, вязня ГУЛАГу, удзельніка Нарыльскага паўстаньня, ствараньніка Гарадзенскай абласной Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Нарадзіўся ён у 1928 годзе ў вёсцы Рацюны (Браслаўскі раён).

Калі Павел Жук памёр, 26 студзеня 2006 году, пра яго лёс добра напісаў журналіст Валеры Задаля. Варта прыгадаць той артыкул памяці:

“У Гародні гэтага чалавека ведалі многія. Яго лёс быў пакручастым і складаным. Напачатку складвалася нібыта ўсё добра. У роднай вёсцы Рацюны Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці бацькі жылі ні бедна, ні багата. Гэта была тэрыторыя Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад даваеннай Польшчы.

Да вайны паспеў крыху павучыцца ў савецкай школе. А там падаспела вайна з фашыстамі. І гэтую нязгоду перажыў. А вось пасляваенны пажар, які спапяліў будынак пошты, дзе працаваў бухгалтарам, перакрэсліў усе надзеі. Гарэла ў тыя гады шмат. Было каму падпальваць. А вось злавіць злачынцаў не ўдавалася. Таму міліцыя затрымлівала, хто пад руку патрапіць. Старшы лейтэнант Шавялёў стаў злым анёлам Паўла.

– Хто даў загад спаліць пошту? Як гэта зрабіў?

Далей арышт, следства, збіццё да страты прытомнасці. Пэўна, забілі б, але патрэбна было наладзіць суд і паказаць народу яго класавага ворага. Адзін з афіцэраў спакойна сказаў:

– Я ведаю, што ты не вінаваты. Аднак нам патрэбна закрыць справу. Злавілі цябе, табе і адказваць. Так што падпісвай дакументы, ад расстрэлу выкруцішся. Атрымаеш гадоў з дзесяць лагераў. Тваё малалецтва ўлічаць.

Як у ваду глядзеў. Ваенны трыбунал войскаў МГБ даў 10 гадоў.

Лагеры тыя пачаліся з Салікамска. Людзі мерлі сотнямі, нават ад звычайнай дызентэрыі. Пазней трапіў у Караганду. Тут, у Карлагу, кожнага вольнанаёмнага трэба было вітаць, зняўшы шапку. Далей на шляху выпрабаванняў былі Енісейск, Дудзінка, Нарыльск. Тут прыняў удзел у хваляваннях. Падчас расправы загінула вельмі шмат людзей. Іх секлі з кулямётаў…

Ён выжыў у гэтым пекле. Пасля вызвалення закончыў дзесяцігодку. Высокіх пасад не займаў. Біяграфія была сапсавана, бо метка “вораг народа” назаўсёды прапісалася ў ёй

У 1990 годзе абласная газета надрукавала яго нататку пра палітычных зняволеных, рэабілітаваных, як Павел Антонавіч, і нерэабілітаваных, як тая ж Ларыса Геніюш. Быў пададзены тэлефон аўтара. Склалася ініцыятыўная група з 13 чалавек. 22 лютага 1990 года была пададзена заяўка на рэгістрацыю Гарадзенскай абласной асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Старшынём аднагалосна быў абраны Павел Жук. Арганізацыя напачатку налічвала 300 чалавек

Былыя вязні ГУЛАГа даведаліся, што ў архіве КДБ па Гарадзенскай вобласці захоўваецца пад грыфам “Захоўваць вечна” 15 тысяч спраў на засуджаных судовымі і не судовымі органамі па палітычных абвінавачваннях у 1939-1941 і 1944-1953 гадах.

Вялікім дасягненнем асацыяцыі стала выданне кнігі “Ніколі болей” (Вільня, 2000, укладальнік Міхась Патрэба) успамінаў былых палітычных зняволеных. Такія зборнікі трэба чытаць і перачытваць, каб ведаць нялюдскія выпрабаванні, якія вытрымалі такія людзі як Павел Жук, і мільёны іншых”.