
Напрыканцы студзеня ў Ленінскім судзе Гародни пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара. Яго звінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па “справе Аўтуховіча”. Суддзя Алена Пятрова 17 красавіка прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прызначыла яму яшчэ два з паловай гады пазбаўлення волі — менавіта столькі і прасіў пракурор. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара засудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Уладзімір — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы: мужчына не мае адной нагі. Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па “справе Аўтуховіча” — нібыта за “падрыхтоўку тэракту”. Першы суд па крымінальнай справе над ім прайшоў у траўні 2021 года. Яго звінавацілі паводле арт. 366 КК (гвалт у дачыненні да службовай асобы). Сцвярджалася, што падчас вобшуку пры затрыманні мужчына пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон. Берасцейскі абласны суд 20 траўня 2021 года засудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Разгляд “справы Аўтуховіча” пачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гарадзенскай Турмы № 1. Падчас суда палітвязня неаднаразова выдалялі з пасяджэнняў, а такасама адпраўлялі ў карцар. Паведамлялася, што на адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы, бо той адмаўляўся распранацца, калі праводзілі асабісты вобшук перад уваходам у залу. Супраць такіх дзеянняў адміністрацыі Уладзімір абвесціў галадоўку, якую трымаў 11 дзён. У выніку 17 кастрычніка 2022 года Гундару прысудзілі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
Вясна