
З 18 па 21 красавіка ў Наваградскім і Карэліцкім раёнах Гарадзенскай вобласці пад кіраўніцтвам намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэту пройдзе камандава-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны, паведаміла Міністэрства абароны ў сваім тэлеграм-канале.
Цягам вучэння тэрытарыяльнымі войскамі ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях будуць адпрацаваныя пытанні аховы аб’ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва і падтрымання ваеннага становішча, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі збройнымі фармаваннямі.
У вучэнні таксама возьме ўдзел сфармаваны ў Кашалёўскім сельскім савеце Наваградскага раёну атрад “народнага апалчэння”.