Беларускі праваабаронца, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда даў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя. Трэба прыгадаць, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе прымяняецца пакаранне смерцю.

РР: У красавіку споўнілася чарговая гадавіна тэракту ў менскім метро. Нібыта выканаўцы гэтага тэракту былі пакараныя смерцю. У гэтым месяцы з’явілася інфармацыя ад кіберпартызанаў, што не адпавядаюць даты, калі атрымалі сваякі паведамленне пра тое, што іх родныя былі расстраляныя, з запісамі ў афіцыйных дакументах.

Андрэй Палуда: Гэта сапраўды вельмі сумная дата, якая звязаная як з тым, што два чалавекі былі прыгавораны і пакараныя смерцю, так і з самой падзеяй, з выбухам у менскім метро, са шматлікімі ахвярамі і з людзьмі, якія засталіся жыць, але былі знявечаныя. Я ведаю, што шмат хто да гэтага часу аднаўляецца пасля гэтых падзей, хоць прайшло вельмі шмат часу. Інфармацыя, якая распаўсюдзілася ў інтэрнэце, яна стала яшчэ адной нагодай, каб узгадаць гэтую справу, справу вельмі незвычайную для Беларусі. Бо звычайна людзі, якія прыгаворваліся да смяротнага пакарання , гэта звычайна людзі, якія праходзілі па арт.139 КК, то бок, забойства аднаго ці больш людзей. І вельмі часта гэта былі нейкія бытавыя справы. А тут быў выбух, гэта быў тэрарыстычны акт. Але таксама незвычайнасць гэтай справы палягала ў тым, што грамадства не паверыла вынікам судовага разбіральніцтва, было шакавана тым, наколькі хутка былі прыведзены смяротныя прысуды пасля вынясення выраку. І тады мы першы і апошні раз зафіксавалі, што невялікая большасць – 53% людзей у Беларусі выказвалі меркаванне супраць смяротнага пакарання. То бок, вось гэты эмацыйны фактар вельмі моцна паўплываў на меркаванні людзей і стаўленне да смяротнага пакарання. Хоць звычайна адбываецца такім чынам, што дзесьці 30% – “за” смяротнае пакаранне, 30% – “супраць” катэгарычна,  і 30% з нечым – людзі, якія вагаюцца.

РР: Вельмі важна, што гэтая сітуацыя паказала адзін з вельмі важных аргументаў супраць смяротнага пакрання – гэта недавер судовай уладзе ў Беларусі.

Андрэй Палуда: Натуральна. Бо адзін з важных аргументаў – гэта незваротнасць прывядзення ў выкананне прысуда. Мы часта гаворым пра судовую памылку, але калі мы кажам пра Беларусь, асабліва апошнім часам, мы разумеем, у якім стане знаходзіцца судовая сістэма. То бок, яна заўсёды выклікала пытанні падыходаў, справядлівасці, падыходаў, звязаных з правамі чалавека, працэсуальных падыходаў. То тут наўмысна могуць адбывацца пэўныя рэчы. Мы бачым, што адбываецца зараз па адміністрацыйных справах, па крымінальных справах. То чаму гэта не можа адбывацца па крымінальных справах, па якіх могуць быць вынесеныя смяротныя прысуды? Натуральна, такое таксама можа быць.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: