
Грамадскае аб’яднанне летувісаў «Гімціне» з вёскі Пеляса Воранаўскага раёна ліквідуюць. На 28 красавіка прызначаны разгляд справы ў Гарадзенскім абласным судзе, паведамляе Hrodna.life.
Арганізацыя «Гімціне», што ў перакладзе з летувіскай мовы азначае «Радзіма», больш за 20 гадоў працавала для стварэння ўмоў для нацыянальнага самавыяўлення летувісаў Беларусі. Аб’яднанне дзеіла ў Пелясе, дзе была школа з летувіскай мовай навучання. Там нацыянальная меншасць праводзіла мерапрыемствы і сустрэчы з летувіскімі чыноўнікамі.
Пазоў на ліквідацыю падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму, рашэнне абвесціць суддзя Юрый Карэцкі.
Аб’яднанне працавала з 1993 году на базе сярэдняй школы з летувіскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну. Гэта першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне летувісаў.
Па стане на 1 студзеня 2022 года колькасць сябраў грамадскага аб’яднання складала 150 чалавек, у 2021-м — 163.