У чатырох раёнах Беларусі ўведзены абмежаванні на наведванне лясоў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства лясной гаспадаркі.

Абмежаванні ўведзены ў Воранаўскім, Лідскім, Астравецкім і Смаргонскім раёнах Гарадзенскай вобласці. У астатніх абласцях забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясной мясцовасці няма.

Рашэнні аб увядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Абмежаванні ўводзяцца ў сітуацыі высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі абстаноўкі.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы.