Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што родным палітвязня нібы пагражаюць спыніць любую камунікацыю з ім, калі родныя не перастануць распаўсюджваць інфармацыю пра яго.

Вольга Івашына заявіла, што ёй і бацькам Дзяніса з розных бакоў перадаюць пагрозы й “просьбы”, у якіх патрабуюць перастаць пісаць пра яго. Іначай супрацоўнікі ПК №15 нібыта пазбавяць палітвязня тэлефанаванняў, лістоў і спатканняў нават з адвакатам, а таксама змесцяць журналіста ў ШІЗА ці ПКТ.

Вольга Івашына між іншым паведаміла, што журналіста ўжо пазбавілі спатканняў з роднымі на 3 месяцы адразу пасля этапавання ў Магілёў.

Жонка Дзяніса Івашына піша, што яны ўспрынялі гэтыя пагрозы цалком сур’ёзна, але паддавацца на такі шантаж намеру не маюць, каб не заахвочваць патэнцыйных шантажыстаў на далейшы ціск.

Бліжэйшыя дні, сцвярджае Вольга, маюць паказаць, ці сапраўды адміністрацыя ПК-15 з уласнай ініцыятывы ці паводле загаду зверху мае намер ажыццявіць агучаныя пагрозы. Бо сама Вольга ні ў якім разе не перастане распаўсюджваць інфармацыю пра Дзяніса Івашына.