
фота “Новы Час”
За кратамі ў Беларусі па палітычных матывах можа знаходзіцца 4500-5000 чалавек. Такое меркаванне выказала прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Пры гэтым праваабаронцамі прызнаныя палітвязнямі 1500 чалавек.
“Палітвязняў можа быць у тры разы больш, чым мы думаем. І клапаціцца трэба аб кожнай і кожным”, — кажа Гарбунова.
Яна прыводзіць адзін з прыкладаў. Следчы камітэт сёлета заяўляў пра 1500 “экстрэмісцкіх” крымінальных спраў са жніўня 2020 года толькі ў адной Гомельскай вобласці. Праваабаронцам было вядома толькі пра 492 з іх. А гэта 33%.
“З-за маштабных рэпрэсій блізкія затрыманых асцерагаюцца прызнання сваіх родных палівязынкамі і палітвязнямі — і гэта іх права, мы разумеем і паважаем іх выбар, — працягвае Вольга Гарбунова. — Яны баяцца пагоршыць умовы утрымання і пазбавіць апошняга шанца на вызваленне ці перакваліфікацыю артыкула”.
Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета кажа, што “ніхто не быў гатовы да такой колькасці закладнікаў рэжыму”. Ім трэба дапамагаць, “не звяртаючы ўвагі на фармальны статус затрыманага чалавека”.
Еўрарадыё