
З 1 чэрвеня 2023 года больш за 30 краін касуюць пагадненне з Беларуссю па страхаванні «Зялёная карта» — міжнародная страхоўка аўтаўладальнікаў, якая дзеіць ў 47 краінах. Страхоўка ідзе на пакрыццё шкоды, нанесенай у ДТЗ падчас знаходжання ў краінах пагаднення. Беларусь была ў пагадненні 20 гадоў — з 2003 году.
Аднак пасля пачатку вайны, у красавіку 2022 году, Украіна выйшла з пагаднення па гэтых страхоўках з Беларуссю і Расеяй. Летась улетку праз санкцыі яшчэ блізу 30 еўрапейскіх краін заявілі, што на іх тэрыторыі дзеянне гэтай страхоўкі для аўтаўладальнікаў (беларусаў і расійцаў) спыніцца. Але з адтэрміноўкай на год — «Зялёная карта» для Беларусі перастае дзеіць з 1 чэрвеня 2023 году.
Як гэта адаб’ецца на простых падарожніках і ў цэлым на краіне?
Краіны, у якіх спыніць дзеіць «Зялёная карта» з 1 чэрвеня
Акрамя Украіны, цяпер пагадненне разрываюць Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірляндыя, Ісляндыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Летува, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Швейцарыя, Эстонія.
Што кажуць памежнікі і страхавальнікі
На «гарачай лініі» Дзяржпагранкамітэта Беларусі на пытанне «як паўплывае адмена “зялёнай карты” на перамяшчэнні беларусаў за мяжу» адказалі, што нічога пра гэта не ведаюць.
«У нас пакуль яшчэ такой інфармацыі няма. Таму нічога не магу каментаваць», — адказалі на «гарачай лініі».
Такі адказ здзівіў — таму што ў пунктах страхоўшчыкаў перад мяжой цяпер можна сустрэць аб’явы, што «Зялёная карта» перастане працаваць. Але пакуль там няма ніякай інфармацыі, як ехаць беларусам з 1 чэрвеня. Толькі сам факт, што пагадненне разрываецца.
На «гарачай лініі» «Белдзяржстраху» растлумачылі: «Так, пагадненне скасаванае. Значыць, пры перасячэнні мяжы будзеце заключаць дагаворы на тэрыторыі той краіны, куды будзеце ўязджаць. У нас няма такой інфармацыі, але, напэўна, так».
Ці страцяць простыя беларусы?
Цяпер беларус, які едзе на легкавым аўтамабілі, афармляе на радзіме «Зялёную карту» за 50 еўра на месяц. На 15 дзён кошт 30 еўра. Калі на аўтобусы — 160 еўра на месяц. Па логіцы рэчаў, страхоўку грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікам прыйдзецца афармляць у краіне, куды выязджаеш, без яе пагражае штраф.
Аднак аказваецца, што, прыкладам, у Польшчы, страхоўку будзе купіць яшчэ танней. Як распавяла супрацоўніца польскай страхавой кампаніі Reso, страхоўка на месяц будзе каштаваць 163 злотых. Па курсе Нацбанка Беларусі цяпер гэта — крыху больш за 35 еўра. І гэтая страхоўка, набытая ў Польшчы, будзе сапраўдная на ўсёй тэрыторыі Еўразвязу.
Атрымліваецца, што звычайным аўтааматарам з Беларусі выхад з «Зялёнай карты» нават выгадны.
Паводле Белнавіны