У Беластоку 25 красавіка прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці са зняволеным Анджэем Пачобутам. Зусім нядаўна палітзняволенаму журналісту споўнілася 50 гадоў. Гэты юбілей Пачобут, на жаль, сустрэў за кратамі. Ён зняволены ўжо больш чым два гады – з 25 сакавіка 2021 году.

Нагадаем, 8 лютага 2023 года гарадзенскаму журналісту Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі. Яго звінавацілі ў „распальванні варожасці” і „закліку да санкцый”. Журналіст быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго завезлі ў Цэнтральны апарат СК у Менску. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага спачатку ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 КК. Пазней ён быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз Пачобут у турме №1 Гародні.

Каля помніка Папялушку ля банера Пачобуту выступілі Ян Роман, Марына Цішкоўская, Уладзімір Хільмановіч, Сяргей Верамеенка. Акрамя Пачобута згадвалі і іншых гарадзенскіх палітвязняў – Паўла Мажэйку, Дзяніса Івашына.