
26 красавіка суд Смаргонскага раёна (суддзя В. Алянцэвіч) разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Юрыя Краўчанкі, нараджэнца Расеі, раней тройчы судзімага, які мае да ўсяго шэраг пакаранняў за адміністрацыйныя правапарушэнні.
Юрый Краўчанка 19 студзеня 2023 году пасля выпітых з сябрам “трох бутэлек па 0,7” з’явіўся ля крамы “Капеечка” на вуліцы Савецкай у Смаргоні. Затрыманы быў з той нагоды, што чапляўся да мінакоў. Ну а па дарозе на медасведчанне веў “дыскусію” расейскім матам. Пазней звінавачваны “навешаў ярлыкоў” і на мясцовых супрацоўнікаў РАУС, і на іх начальніка ды і міністра. І не толькі на іх.
Судзілі Юрыя Краўчанку па крымінальным артыкуле якраз за абразу Лукашэнкі, бо бруднымі словамі харыктаразаваў начальніка беларускай дзяржавы за тое, што Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.
У судовым працэсе абвінавачваны патлумачыў, што не памятае, пры якіх абставінах і як выказваўся, бо пачаў ацэньваць падзеі з моманту, калі прачнуўся ў РАУСе. Следствам жа брыдкаслоўе на адрас Лукашэнкі расцэнена як яго публічная абраза (частка 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэкса), за што суд прызначыў пакаранне на 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.