
Не спыняецца ціск на гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына. Яго зноў пасадзілі ў штрафны ізалятар магілёўскай калоніі.
Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга Івашына:
“Учорашнее тэлефанаваньне наш ваяр Дзяніс Івашын зноўку прамінуў, і мы ўжо маем пацьверджаньне таго, што ён быў зьмешчаны ў ШІЗА. Ані нагоды для “пакараньня”, ані ягонага тэрміну мы ня ведаем. І нават пакуль не валодаем дакладнай інфармацыяй пра тое, калі гэта сталася. Таму арыентырам для нас будзе дасланы 20 красавіка ўпаўнаважаным супрацоўнікам ліст ад Дзяніса да мяне зь віншавальнай паштоўкай”.
Напомнім гісторыю пераследу Дзяніса Івашына:
Журналіста Дзяніса Івашына 12 сакавіка 2021 года затрымалі супрацоўнікі КДБ за “умяшанне ў дзейнасць міліцыі” і абвінавацілі паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
30 кастрычніка стала вядома, што Дзянісу Івашыну выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
У канцы снежня 2021 жонка журналіста Вольга паведаміла, што Дзяніс змешчаны ў карцар, прычына і тэрмін — невядомыя.
21 лютага 2022 года ў Ленінскім судзе г. Гродна ў закрытым рэжыме разглядзелі скаргу на меру ўтрымання палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына. Суддзя Уладзімір Янкоўскі пакінуў яе без задавальнення.
У сярэдзіне сакавіка 2022 г. праваабаронцам стала вядома, што КДБ таксама абвінавачвае Івашына ў супрацы з украінскай выведкай.
У сярэдзіне чэрвеня 2022 г. справу Дзяніса перадалі ў суд. 15 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы журналіста.
14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і засудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Палітзняволенага 1 кастрычніка 2022 г. змясцілі ў карцар. Адміністрацыя гарадзенскай турмы ізноў адпраўляла Дзяніса ў карцар з 4 па 14 лістапада.
Выявілася, што яшчэ ўвесну 2021 г. адміністрацыя гарадзенскай турмы паставіла Дзяніса на ўлік як “схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў”.
Вярхоўны суд 20 снежня 2022 г. разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.
Вядома, што ў студзені 2023 г. Дзяніса змяшчалі ў карцар, а праз два дні ён апынуўся ў карантыне з высокай тэмпературай, сухім кашлем і праблемамі з дыханнем.
17 студзеня палітвязня этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Ён прыбыў у калонію з высокай тэмпературай і адразу трапіў у шпіталь. 10 лютага стала вядома, што Дзяніса перавялі з бальніцы ў атрад.
Згодна з даведкай з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці). Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання, невядома.
У канцы лютага 2023 г. Дзяніса перавялі ў Турму № 1 Гародні, а ў сакавіку перавялі назад у магілёўскую ПК № 15. Там яго абмежавалі дзвюма “атаваркамі” замест належных пяці.
Вольга, жонка журналіста, паведаміла ў красавіку 2023 г., што родным палітвязня пагражаюць спыніць любую камунікацыю з ім, калі яны не перастануць распаўсюджваць інфармацыю пра Дзяніса.