
Дырэктар Гарадзенскага абласнога драмтэатра і адначасна член Савету Рэспублікі Ігар Гедзіч зноў з’явіўся ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ. Апошнім часам універсальны палкоўнік Гедзіч стаў яшчэ і стратэгам дзяржаўнага развіцця і аналітыкам. Відаць па ўсім, тэатрам яму больш няма часу займацца, ды і ўсё там ужо зроблена і выканана.
На гэты раз у эфіры перадачы адыёзнага прапагандыста Маркава “сенатар” Гедзіч ацаніў шанцы Украіны перамагчы ў вайне з Расеяй і вярнуць сабе захоплены ў 2014 годзе Крым. Палкоўнік Гедзіч заявіў наступнае:
Не существовало прецедента еще в мире, когда ядерная держава проигрывала – будь то специальная военная операция, будь то какие-то серьезные боевые действия. Поэтому в СМИ западных тоже проскакивает, что пора уже задавать вопрос не “если Россия победит”, а “когда Россия победит”».
Ігар Гедзіч, відаць, не надта добра вучыў гісторыю ў сваіх ваенных акадэміях. Інакш бы ён ведаў, што вайна, якую вялі ЗША ў В’етнаме, ці вайна, якую вёў Савецкі саюз у Афганістане, фактычна скончылася паразай гэтых ядравых дзяржаваў. Прынамсі, яны былі змушаны пакінуць акупаваныя раней тэрыторыі. Ну а ў перамогу іх любімай Расеі Гедзіч з Маркавым могуць верыць да канца.
Ігар Гедзіч нарадзіўся ў Гародні, у 1993 годзе скончыў Менскае ваеннае інжынернае вучылішча. У 2004 годзе скончыў Камандава-штабны факультэт “Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь”. У арміі праслужыў 23 гады і звольніўся палкоўнікам. Але на ранняй пенсіі Ігар Гедзіч не засядзеўся, яго кар’ерны рост быў яшчэ наперадзе. Палкоўнік раптам адчуў пакліканне паслужыць Мельпамене. Уладнымі структурамі ён быў прызначаны ажно дырэктарам Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру. Там палкоўнік паспяхова “зачысціў” увесь калектыў. Паралельна Гедзіча вялі па дэпутацкай сцежцы. Спярша ён стаў “дэпутатам” гарсавету, а потым быў прызначаны яшчэ вышэй – членам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.