У Гародні ўрэшце прадалі з аўкцыёну будынак былога Дому афіцэраў. Яго не маглі прадаць яшчэ з 2015 году.

Упершыню будынак на вуліцы Ажэшкі, 30 выставілі на таргі ў лістападзе 2015 году па пачатковым кошце 5,15 мільёнаў дэнамінаваных рублёў (на той момант 2,96 мільёнаў даляраў).

Яго спрабавалі прадаць нават на электронным гандлі, але беспаспяхова. Праз пару гадоў пачатковы цэннік скараціўся на 80% і складаў ўжо 1260000 рублёў. Апошнія таргі па продажы Дому былі прызначаны на люты мінулага года з пачатковым цэннікам 773 тысячы 653 рублёў. Аднак і яны не адбыліся.

Чарговы аўкцыён быў прызначаны на 28 красавіка. Стартавая цана была роўная 148 рублям або 4 базавым велічыням. На таргі зарэгістраваліся адразу чатыры ўдзельнікі.

У час напружанага супрацьстаяння выніковы цэннік спыніўся на адзнацы роўна 239 тысяч рублёў. Гэта значыць сума продажу вырасла больш чым у1600 раз!

Пераможцам стала будаўнічая кампанія з Берасця «Палессежылбуд». Гэтая фірма ўжо мае ў горадзе над Нёманам шэраг праектаў – неўзабаве яна пачне рэканструкцыю дхвюх казармаў на вуліцы Шчорса, дамы № 2 і 4.

Паводле ўмоваў у рэканструяваным будынку былога Дому афіцэраў можа быць што заўгодна, акрамя жылля і вытворчасці.

Важная ўмова, якая датычыць рэканструкцыі Дому афіцэраў, – гэта яго частковае разбурэнне. Ва ўмовах прапісалі, што старую савецкую прыбудову 1973 года патрэбна будзе зруйнаваць.

Ажыццявіць дэмантаж неабходна будзе ў тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакументацыяй, але не пазней за паўгода з моманту яе зацвярджэння. Сам жа праект інвестар абавязаны будзе распрацаваць цягам аднаго году з моманту заключэння дамовы куплі-продажу.

У пачатку 1920-х гг. зямельны ўчастак, дзе зараз стаіць Дом афіцэраў, быў уласнасцю польскага дзяржбанку. Першы камень у падмурак будучага “Doma Strzelca” у стылі польскага канструктывізму ў 1930 годзе заклаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі.

У будынку павінна было размясціцца супрацьгазавае сховішча на 550 чалавек. У 1965 годзе было прынята рашэнне пра знос некаторых будынкаў у акрузе і прыбудове да Дома афіцэраў канцэртнай залы на 800 чалавек. Яго збудавалі да 1973 года. Доўгі час ён быў галоўнай канцэртнай пляцоўкай у Гародні з самай вялікай сцэнай у горадзе.

У былым Доме афіцэраў, што ў гістарычным цэнтры па вуліцы Ажэшкі, праходзілі многія памятныя гарадзенцам канцэрты, ладзіўся фэст “Рок-крок”, доўгі час у будынку дзеіў Клуб калекцыянераў, пэўны час была вельмі шляхетная рэстарацыя, а таксама папулярная ў моладзі дыскатэка ў клубе “Эпалет”. Таксама тут доўгія гады дзеіла гімнастычная школа, ў якой працаваў трэнерам Рэнальд Кныш, які выхаваў знакамітых гімнастак Вольгу Корбут і Алену Валчэцкую.