фота prokuratura.gov.by

У так званую “камісію па вяртанні”, якую стварыў рэжым Лукашэнкі, за месяц паступіла не больш за дзясятак зваротаў. Прапагандысты прызналіся ў гэтым самі. 1 красавіка генпракурор Андрэй Швед хваліўся 56 зваротамі (хоць і гэта няшмат). 28 красавіка ён сказаў, што ў камісію паступіла “больш за 60 зваротаў”. Пад старшынством генпракурора ў пятніцу 28 красавіка прайшло пасяджэнне згаданай камісіі. І генералы, і прапагандысты былі сумныя. Генпракуратура анансуе, што яе праца “будзе працягнута”.

Камісія па вяртанні ў РБ палітуцекачоў пачала працу ў пачатку 2023 года. Генпракуратура запусціла адмысловы сайт, праз які можна ў яе звярнуцца. Палітуцекачы павінны самі растлумачыць, чаму асцерагаюцца вярнуцца. Таксама ад іх чакаюць, што яны пакаюцца, складуць публічныя прабачэнні і кампенсуюць “прычыненую шкоду”.

Рэпрэсіі ў Беларусі не выклікаюць даверу да ініцыятывы рэжыму. У сакавіку Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў-палітуцекачоў не давяраць прапагандзе Лукашэнкі: “Дадому мы ўсе абавязкова вернемся, але толькі тады, калі спыняцца рэпрэсіі і запануе сапраўдны, справядлівы закон”.

Еўрарадыё