Гарадзенскі абласны суд вынес рашэнне пра ліквідацыю грамадзкага аб’яднання літоўцаў “Гімціне”.

Па звестках, размешчаных на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, істцом па справе выступала Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. З боку аб’яднання, якое працавала ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна, нібыта зафіксаваны парушэнні закона, аднак падрабязнасці справы каментаваць не сталі.

Аб’яднанне больш за 20 гадоў працавала над стварэннем умоваў для нацыянальнага самавыяўлення беларускіх летувісаў. У Пелясе, дзе яно дзейнічала, ёсць школа з летувіскай мовай навучання. У гэтай жа вёсцы нацыянальная меншасць ладзіла мерапрыемствы і сустрэчы з чыноўнікамі Летувы.

“Гімціне” (gimtinė) у перакладзе з літоўскай азначае “Радзіма”. Гэта было першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне летувісаў.

Пеляса размяшчаецца за 13 км ад мяжы з Летувой, 80% жыхароў тут — летувісы па нацыянальнасці.

Паводле афіцыйных звестак, на 1 студзеня 2022 года колькасць сябраў грамадскага аб’яднання “Гімціне” складала 150 чалавек, у 2021-м было 163.