Цяперашні ўласнік сінагогі – Слонімскі райвыканкам – зноў выставіў гісторыка-культурную каштоўнасць на адкрыты аўкцыён. Пачатковы кошт на гэты раз складае 129 тысяч рублёў. Плошча будынку – 673 квадратныя метры.

Да патэнцыйнага пакупніка пастаўлены шэраг сур’ёзных умоў. Яму даецца два гады з моманту заключэння дагавора куплі-продажу на распрацоўку праектнай дакументацыі з атрыманнем экалагічнай будаўнічай дзяржэкспертызы.

Саму рэканструкцыю трэба будзе правесці ў тэрміны, указаныя ў праекце, але не пазней за 5 гадоў з момант заключэння дагавора куплі-продажу. Што будзе, калі не ўкласціся ў пазначаныя часавыя межы? Умовы даюць адназначны адказ – будынак будзе вернуты прадаўцу, гэта значыць райвыканкаму, а пакупніку не будуць кампенсаваныя выдаткі.

Што да прызначэння, то па ўмовах былую сінагогу дазваляецца выкарыстоўваць як культавае збудавання ці ў іншых мэтах — як музейны комплекс, кропку грамадскага харчавання, краму ці пад «культурна-відовішчнае, забаўляльнае прызначэнне».

Аўкцыён прызначаны на 31 траўня. Праводзіць яго будзе электронная пляцоўка “БУТБ-Маёмасць”.

У 2020 годзе сінагогу выкупіла Ілона Караваева з Менску за 30 тысяч беларускіх рублёў, але пачаць рэстаўрацыю ў яе не атрымалася, таму гістарычны помнік зноў быў перададзены на баланс гораду.

Сінагога ў Слоніме – сама стары архітэктурны помнік горада над Шчарай. Сінагога была пабудавана ў 1642 годзе. Яна з’яўляецца помнікам архітэктуры эпохі барока з архітэктурна-кампазіцыйнымі прыёмамі, характэрнымі для манументальнага дойлідства Беларусі 17-18 стагоддзяў і арыгінальным арнаментальна-дэкаратыўным вырашэннем інтэр’ера.

У 2018 годзе было праведзена тэхнічнае абследаванне сінагогі. Пасля правядзення абследавання інжынеры паведамілі, што тэрмінова патрэбен рамонт даху. Потым ішло абследаванне сценаў і трэшчынаў сінагогі. А вясной 2020 года павінны былі працы па аднаўленні, але такі і не пачаліся.

Слонімцы спадзяваліся і верылі, што нарэшце самы старэйшы помнік горада над Шчарай пачнуць рэканструяваць. Але надзеі сталіся марнымі. Тым больш, што ў свеце пачаў лютаваць каронавірус, потым Беларусь патрапіла пад еўрапейскія санкцыі, пачалася вайна ва Украіне.

Дзеля рэстаўрацыі сінагогі Ілона Караваева нават стварыла спецыяльны фонд “Ратуючы спадчыну”, які павінен быў збіраць сродкі на рэканструкцыю помніка. Праўда, інвестараў і дзяржаўных праграм для падтрымкі праекту не знайшлося. А 14 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе фонд “Ратуючы спадчыну” ліквідавалі. Ініцыятарам гэтага выступіла сама заснавальніца фонду Ілона Караваева.